Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Жыхары горада Клімавічы Магілёўскай вобласьці зьбіраюць подпісы пад зваротам да старшыні Магілеўскага аблвыканкаму - вырашыць пытаньне аб зьмяненьнях цэнаў на хлеб, які ў гэтым раёне самы дарагі…

Паводле рэгіянальнага кантакт-цэнтру ў Крычаве на сёньня сабрана больш за дзьвесьце подпісаў, хаця шмат хто з падпісантаў па шчырасьці ня верыць пра эфэктыўнасьць звароту да кіраўніка абласной вэртыкалі.

Маўляў, прачытаюць, выкінуць ды пасьмяюцца. Але падпісваюць усе – ад пэнсіянэраў да службоўцаў. Гэтая грамадзкая акцыя праходзіць пры ўдзеле сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Узвароце ёсьць наступныя лічбы: у Клімавічах хлеб даражэйшы на 40 %, чым у Магілеве і ў параўнаньні зь Менскам каштуе больш, чым на палову.

І нават у суседнім Крычаве хлеб таньнейшы адсоткаў на 35. Паводле інфармацыі з Клімавіцкага райвыканкаму, сапраўды за кожны кіляграм хлеба клімаўчанін плаціць рублёў на дваццаць-трыццаць больш, чым жыхар абласнога цэнтру, а гэта адчувальна. Хлебная гісторыя цягнецца тут здаўна.

Гадоў пятнаццаць таму, яшчэ пры Савецкім Саюзе, калі грошы за энэргію не лічылі, у Клімавічах быў пабудаваны завод з электрапечамі. Цяпер гэта вялікія выдаткі, а цэны, зразумела, атрымоўваюцца з адпаведнага сабекошту.

Мясцовыя ўлады сьцьвярджаюць, што нічым канкрэтна дапамагчы сваім жыхарам у дадзеным выпадку яны ня маюць магчымасьці. Застаецца ім чакаць, магчыма, ў наступным годзе, газыфікацыі, якая павінна зьнізіць той самы сабекошт вырабу хлеба.

Праўда некалькі гадоў таму Клімавіцкі райвыканкам зьвяртаўся ў абласныя структуры з прапановай ураўняць цэны на хлеб ва ўсіх гарадох і сельскіх раёнах Магілеўшчыны, а потым пераразьмяркоўваць прыбыткі паміж усімі хлебазаводамі. Аблвыканкам адмовіўся гэта рабіць, бо гэта патрабуе вялізнага ўліку й працы. Так усё й засталося на сваім месцы. Хутчэй за ўсё, лічаць спэцыялісты-цэнавікі аблвыканкаму, усё застанецца па-ранейшаму і зараз – ніякія звароты не дапамогуць.

Падобная сытуацыя, напрыклад, у Асіповічах, дзе быў у свой час пабудаваны вялікі молаказавод у разьліку на сыравіну суседніх раёнаў, а цяпер вытворчасьць малака такая, што ён працуе толькі на трэць закладзеных аб’ёмаў, а амартызацыя абсталяваньня выводзіць цану на асіповіцкія малочныя вырабы значна большую, чым у тым жа Магілеве.

Гэты ціхі хлебны бунт у Клімавічах хутка можа атрымаць працяг пад ціскам новых абставінаў ці наадварот скончыцца. Справа ў тым, паведамляюць у адзьдзеле цэнаў Магілеўскага аблвыканкаму, што ў самай бліжэйшай пэрспэктыве, павышэньне цэнаў на хлеб па ўсёй вобласьці.

На Магілеўшчыне не хапае грошай ня толькі на пшаніцу, якую зараз набываюць у Чэхіі за 145 даляраў за тону, але й жыта, якое каштуе падаткаплатнікам 95 даляраў за тону. Магілеўшчыне не хапае хлебу і пэрспэктыва ў гэтым кірунку, лічаць спэцыялісты, далёка не радасная.

Марыя Усьціновіч, Магілеўская вобласьць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG