Сёньня ў Першамайскім судзе Менску разглядаўся пазоў аб абароне гонару
й годнасьці пэнсіянэркі Веры Церлюкевіч да вядучага праграмы “Рэзананс”
Аляксандра Зімоўскага, які летасць, камэнтаруючы падзеі 17-га кастрычніка,
абражаў удзельнікаў “Маршу Свабоды”…
Судзьдзя Кобышаў заслухаў прадстаўнікоў усіх бакоў у гэтай справе. Вера
Церлюкевіч настойвае на сваёй скарзе:
(Церлюкевіч: ) “Калі адбыўся рэпартаж Зімоўскага, апошні назваў нас
адмарозкамі. Мяне паказалі, я дакладна сябе бачыла. Я проста стаяла каля
парку Горкага й ня ведала, куды мне бегчы: там міліцыя, там міліцыя… Калі
я дазналася, што на заводзе даюць дапамогу, я пайшла туды. І там даведалася,
што мяне зьнялі з чаргі на кватэру. Набгрунтавана. Чаму я суджуся? Мне
сказалі на заводзе: ідзі са сваёй апазыцыяй на рэйкі, няхай табе там кватэру
і дапамогу даюць”.
Судзьдзя пазнаёміў з высновамі лінгвістычнай экспэртызы. Цікава, што
суд накіроўваў словы Зімоўскага ў Інстытут этнаграфіі і фальклёру Акадэміі
навук. Але там адмовіліся даць адказ і паведамілі, што гэта ня іх кампэтэнцыя.
Тады запыт ськіравалі ў Саюз журналістаў.
Адказ даў прафэсар Стральцоў. На ягоную думку, выраз “куча адмарозкаў”
– гэта літаратурны троп, таму ён не зьяўляецца абразьлівым выразам. Акцэнт
быў зроблены на мэтафарычнасьць выразу. Вера Церлюкевіч заявіла, каб экспэртызу
праводзілі філёлягі з БДУ. Але суд адхіліў гэтыя хадайніцтвы, матывуючы
тым, што Стральцоў мае прафэсарскае званьне, і гэтага дастаткова.
Пасьля прагляду стужкі з запісам перадачы “Рэзананс” ад 17-га кастрычніка,
суд абвесьціў перапынак.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1