Выйшаў чарговы нумар газэты “Рабочы”.
“Ці будзем страйкаваць?” – гэты матэрыял адкрывае нумар. Размова ідзе
пра факт, пра які “Свабода” ўжо расказвала: сацыялягічнае дасьледаваньне,
праведзенае прафсаюзам работнікаў аўтасельгасмашу на некалькіх буйнейшых
прадпрыемствах рэспублікі, паказала – кожны трэці рабочы сёньня гатовы
прыняць удзел у страйках. Чаму так склалася і што трэба рабіць? Адказ шукаюць
многія. І сярод іх – удзельнікі “Круглага стола”, які правяла нядаўна ў
Бабруйску Беларуская арганізацыя працоўных жанчын: эканамісты, палітыкі,
грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі мясцовых уладаў. Меркаваньні гэтых людзей
сталі асновай яшчэ адной публікацыі нумару – “Наша будучыня залежыць ад
нашага выбару”.
Чацьвертая старонка. На Беларусі сёньня дзейнічае каля 600 дэструктыўных
сэктаў. Іх асаблівасьці, адрозьненьні, парады бацькам – што рабіць, калі
ў адну з такіх сэктаў трапілі ваш сын ці дачка? – вось некаторыя з тэмаў
эксклюзыўнага дасьледаваньня рэдакцыі.
“Як агурок агурку...” – самі разумеце, матэрыял з такім загалоўкам мог
зьявіцца толькі пасьля падарожжа ў Шклоў. Журналіст Сьвятлана Шыдлоўская,
якая хадзіла па горадзе, размаўляла з рабочымі, служачымі, расказала пра
свае назіраньні. У 99-м годзе на бацькаўшчыну Лукашэнкі праліўся залаты
дождж: сюды пайшлі ўсе сродкі з бюджэта, якія былі выдаткаваныя на рамонт
і рэканструкцыю ўсіх населеных пунктаў Беларусі. Але жывуць шклоўцы дрэнна:
нават гуркоў – тых самых, усім вядомых, на рынку няма.
У палітыцы не бывае прамых аналёгіяў, але сытуацыі, якія часам складаюцца
ў той ці іншай краіне, настолькі нагадваюць сваё, роднае, што ад паралеляў
устрымацца цяжка. Магчыма таму журналісты “Рабочага” зараз зьвярнуліся
да югаслаўсякіх праблем. “Чарнагорскі вузел” – тэма міжнароднай старонкі
нумару.
Аднак жывем мы не палітыкай адзінай... Трэба і адпачыць. Дачныя клопаты
займаюць пятую старонку газэты. А на апошняй чытач знойдзе расповяд пра
пісьменьніка, гісторыка, краязнаўцу Аляксандра Ельскага, зь якім
выступае Натальля Мяцельская, а таксама пазнавальную галаваломку
“Народныя сьвяты”. Моладзь даведаецца пра “Басовішча” – традыцыйны фэстываль
беларускае музыкі ў Польшчы.
Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты
Самае папулярнае
1