Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Усьлед за арыштам уладальніка кампаніі Мэдыя-МОСТ Уладзіміра Гусінскага, расейкая пракуратура паведаміла, што віцэ-прэзыдэнт кампаніі Ігар Малашэнка будзе арыштаваны, як толькі вернецца ў Расею. Са свайго боку Малашэнка абвінаваціў групу асобаў, блізкіх да Крамля, у спробе ўсталяваць у Расеі таталітарны рэжым. Між тым, у замежным друку сёньня абмяркоўваюцца магчымыя прычыны затрыманьня Гусінскага і рэакцыя на гэта прэзыдэнта Пуціна.

Уладзімір Пуцін кажа, што быў зьдзіўлены затрыманьнем Гусінскага.
“Спадзяюся, у пракурора былі дастатковыя прычыны, каб пайсьці на гэты крок” – заявіў ён учора ў Мадрыдзе. Сёньня раніцай ён заявіў ужо наступнае: “Я мушу сказаць, што спадар Гусінскі вельмі таленавіты чалавек. Апошнім часам, згодна з паведамленьнямі прэсы, ён прыцягнуў у свой бізнэс 1 мільярд 300 мільёнаў даляраў у выглядзе крэдытных рэсурсаў. І амаль нічога з гэтага не вярнуў”.

Аналягічнай была рэакцыя прэм’ер-міністра Расеі Касьянава, які сказаў журналістам у Маскве: “Як вы ведаеце, паводле закону, гэта выключная мера затрыманьня. Таму, я думаю, пракуратура вельмі, вельмі сур’ёзна ўсё ўзважыла, перш чым пайсьці на такое рашэньне”.

Мэр Масквы Юры Лужкоў, аднак, лічыць арышт Гусінскага беспадстаўным. Ён нават прапанаваў уладам узяць пад арышт у якасьці гарантыі, што Гусінскі не зьбяжыць, яго самога.

На думку газэты New York Times, арышт Гусінскага стаўся кульмінацыяй ціску ўладаў на кампанію Мэдыя-МОСТ. У кампаніі патрабавалі вярнуць крэдыты, нядаўна на яе штаб-кватэру быў зроблены рэйд падатковай паліцыі. Гэта выклікала хвалю пратэстаў з боку як прыхільнікаў, гэдак і апанэнтаў Гусінскага. Многія выказвалі трывогу – ці ня стане гэты эпізод пачаткам новай эпохі рэпрэсіяў у Расеі?

Адразу пасьля ператрусу ў кампаніі Мэдыя-МOCT у траўні Пуцін сьцвярджаў, што гэта зьвязана з магчымымі злачынствамі, а не зь ціскам на свабоду прэсы. Ён скрытыкаваў кампанію за тое, што яе кіраўніцтва выказала процілеглую думку. “Спробы шантажаваць праваахоўчыя ворганы недапушчальныя таксама, як недапушчальныя абмежаваньні свабоды слова і СМІ”, – казаў Пуцін. Раней ён выступіў з нападкамі на журналістаў за тое, што яны не падтрымліваюць дзеяньні федэральных уладаў у Чачні. (Як вядома, аднаго зь іх – Андрэя Бабіцкага, ён нават назваў здраднікам.) Нядаўна ўрад зачыніў Санкт-Пецярбурскую тэлестанцыю і абвесьціў пра намер ўвесьці ліцэнзаваньне ўсіх газэтаў.

Кіраўнік Мэдыя-МАСТА, Дзьмітры Астальскі назваў арышт зачэпкай для далейшага наступу на свабоду прэсы. Газэта прыводзіць ягоныя словы: “Мы ня можам ацэньваць гэта йнакш як сьведчаньне таго, што ўлада пачала адкрытыя рэпрэсіі супраць уладальнікаў незалежных мэдыяў”.

Прэзыдэнт Клінтан, нагадвае New York Times, ускосна падтрымаў Гусінскага ў часе свайго візыту ў Маскву, калі даў эксклюзіўнае інтэрвію радыёстанцыі Эхо Москвы, якая ўваходзіць у кампанію Мэдыя-МОСТ.

Афіцыйны прадстаўнік Белага Дому Джо Локхард адрэагаваў на арышт Гусінскага наступнымі словамі: “Мы занепакоеныя свабодай прэсы ў Расеі, і гэтую занепакоенасьць мы данесьлі непасрэдна да прэзыдэнта Пуціна ў часе ягонай сустрэчы з прэзыдэнтам Клінтанам. Мы маем намер вывучыць гэты выпадак і высьветліць дэталі. Мы вельмі заклапочаныя некаторымі крокамі, зробленымі ў адносінах свабодных мэдыяў”.

Былы тэатральны рэжысэр Гусінскі, працягвае газэта, стварыў сваю мэдыя-імпэрыю пасьля распаду СССР. Акрамя НТВ, у склад холдынгу Мэдыя-МОСТ, уваходзяць газэта Сегодня, часопіс Итоги, ужо згаданая станцыя Эхо Москвы, а таксама выдавецкі дом і кінакампанія. Гусінскі таксама ўзначальвае саюз гэбрайскіх арганізацыяў у Расеі. Ён мае інтарэсы ў Ізраілі, грамадзянінам якога зьяўляецца, і ў ЗША. Мэдыя-МОСТ, разам з ізраільскім партнэрам, холдынгам “Маарыў”, набыў 42 працэнты акцыяў адной з ізраільскіх тэлекампаніяў. Летась канал НТВ пачаў вяшчаць на ЗША.

Гусінскі меў сутыкненьні з уладамі й раней. У 1994-м годзе служба бясьпекі прэзыдэнта Ельцына на чале з Каржаковым правяла рэйд супраць ягонай кампаніі. У сваіх мэмуарах ён напісаў нават, што вядомы магнат Барыс Беразоўскі зьвяртаўся да яго з просьбай ліквідаваць Гусінскага.

Існуе вэрсія, паводле якой рэальная ўлада ў Расеі належыць ня Пуціну, а крамлёўскаму кляну на чале зь кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандрам Валошыным, які зьвязаны з Барысам Беразоўскім. З гэтага гледзішча, арышт Гусінскага стаўся дэманстрацыяй сілы з боку гэтай групоўкі.

Газэта New York Times прыводзіць словы дэпутата Дзяржаўнай Думы Барыса Нямцова, які сказаў, што ў крамлёўскай адміністрацыі пануе хаос. “Гэта справа рук Валошына. І калі Пуцін не крывадушнік, ён мусіць яго звольніць”, – сказаў Нямцоў.

Алег Сысуеў , які займаў высокую пасаду пры Ельцыне, сказаў, выступаючы на канале НТВ, што арышт Гусінскага выглядае “як палітычная экзэкуцыя”.

New York Times прыводзіць меркаваньне экспэрта фонду Карнэгі Майкла Макфуола, які лічыць гэты крок найвялікшым глупствам з боку Пуціна. На думку палітоляга, ён альбо не кантралюе сытуацыю, што было б кепска, альбо ён усё трымае пад кантролем, што яшчэ горш.

Іншая газэта – Moscow Times, нагадвае пра інцыдэнт з праграмай “Лялькі” на НТВ, зь якой, паводле патрабаваньня Крамля, часова была зьнятая лялька “Пуцін”. Паміж іншым, аўтару гэтай ды іншых папулярных праграмаў, сатырыку Віктару Шандаровічу ўжо двойчы адмовілі ў магымасьці правесьці свой аўтарскі вечар у Менску. У ягонай праграме “Лялькі” ёсьць і лялька “Лукашэнка”. Аднак, гэтым фактам, як і пастаянным ціскам беларускіх уладаў на айчынную прэсу, палітычныя аналёгіі не вычэрпваюцца.

Варта нагадаць пра арышты былога міністра сельскай гаспадаркі Лявонава, экс-старшыні Нацыянальнага банку Віньнікавай, былога старшыні гаспадаркі “Рассвет” Старавойтава, былога прэм’ер-міністра Чыгіра, публічныя пагрозы Лукашэнкі на адрас Пупейкі, іншых неляяльных яму прадпрымальнікаў. Кожны такі выпадак быў скіраваны ня толькі асабіста супраць канкрэтных асобаў, але быў свайго роду праверкай рэакцыі грамадзкасьці – як беларускай, так і замежнай.
Уладзімір Пуцін, выглядае, хутка пераймае вопыт Лукашэнкі ня толькі ў стварэньні ўладнай вэртыкалі ў Расеі.

Віталь Тарас

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG