Дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” прынялі
адразу ў першым і другім чытаньнях закон пра амністыю. Паводле гэтага дакумэнту,
зь месцаў зьняволеньня выйдуць больш за 10 тысячаў чалавек.
Закон пачне дзейнічаць пасьля таго, як будзе надрукаваны – для гэтага
ён павінен быць зацьверджаны гэтак званым “Саветам Рэспублікі” й падпісаны
Лукашэнкам. Выкананьне закону зойме прыблізна паўгады.
Афіцыйныя асобы кажуць, што амністыя прымеркаваная да 55-годзьдзя Перамогі,
аднак у законе гэта не запісана. Як паведаміла намесьнік камісіі бясьпекі
Тацяна Хадневіч, гэта проста акт міласэрнасьці. Ён часткова вымушаны –
месцы зьняволеньня цяпер перапоўненыя. Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных
справаў, там знаходзіцца каля 17 тысячаў чалавек звыш лімітаў.
Плянуецца, што сёлета зь месцаў зьняволеньня выйдуць каля 10 тысячаў
чалавек, яшчэ 2 тысячы 400 пакінуць спэцкамэндатуры. Да таго ж, 25 тысячам,
якія не зьяўляюцца небясьпечнымі злачынцамі й не парушалі рэжым, тэрмін
зьняволеньня будзе паменшаны на адзін год.
Найперш будуць вызваленыя тыя, хто ня зьдейсьніў цяжкіх злачынстваў,
а таксама ўдзельнікі вайны, тыя, хто мае ўзнагароды за працу пад час вайны,
цяжарныя жанчыны, непаўнагадовыя, пацярпелыя ад Чарнобылю. Выйдуць з турмы
й некаторыя цяжкія злачынцы – у тым выпадку, калі адсядзелі палову тэрміна
й цяжка хварэюць, – напрыклад, на сухоты або на рак. Пад амністыю падпадуць
асобы, якія зьдзейсьнілі злачынства з-за неасьцярожнасьці, атрымалі за
гэта да 7 гадоў і ўжо адбылі адную траціну тэрміну.
Перапоўненасьць месцаў зьняволеньня сёньня зьяўляецца адной з найбольш
балючых сацыяльных праблемаў. У турмах распаўсюджваюцца сухоты й СНІД,
а таксама іншыя хваробы. Паводле меркаваньня Тацяны Хадневіч, гэтыя праблемы
можна вырашыць толькі ў рамках дзяржаўнае праграмы, неабходнасьць прыняцьця
якой дэпутаты гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” абмяркоўвалі сёньня.
Спадарыня Хадневіч таксама зазначыла, што Крымінальны кодэкс, які павінен
уступіць у дзеяньне з пачатку наступнага году, прадугледжвае шмат пакараньняў,
не зьвязаных з пазбаўленьнем волі для тых, хто не ўчыніў цяжкага злачынства.
Між тым, сёньня беларускія суды прымаюць вельмі шмат рашэньняў, у адпаведнасьці
зь якімі тыя, хто не ўчыняў цяжкія злачынствы, пазбаўляюцца волі на тэрмін
да трох гадоў. Хоць у судзьдзяў ужо цяпер ёсьць магчымасьць улічваць розныя
абставіны й не адпраўляць людзей за краты там, дзе можна абыйсьціся іншым
пакараньнем.
Ці магчымы выхад на волю па амністыі для тых, хто стаў ахвяраю палітычнага
перасьледу? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да адваката Гары Паганяйлы,
які ўдзельнічаў у працэсах Андрэя Клімава, Уладзімера Кудзінава, Міхала
Чыгіра…
Спадар Паганяйла лічыць:
“Я лічу, што той закон аб амністыі, які рыхтуецца сёньня, не амністуе
гэтых людзей, таму што іхныя справы – палітычна матываваныя. Улады не дадуць
такое магчымасьці гэтым людзям. Мы ня будзем спадзявацца на амністыю і
на гэты заканадаўчы акт. У нас ёсьць іншы інструмэнтар для таго, каб абскардзіць
незаконныя прысуды. Мы паспрабуем даказаць, што гэтыя людзі невінаватыя
і асуджаныя незаконна, а значыць, і амністыя на іх не распаўсюджваецца”.
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1