Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўчар


Як і кожнае новае, арганічна не асвоенае слова, ваўчар ужываецца ня йнакш як з агаворкай, такой папярэдняй запінкай: гэты... як яго... ваўчар. Гэтым самым той, хто гаворыць, як бы адчужае слова ад сваёй звыклай моўнай матэрыі. Як і кожнае малазразумелае слова, ваўчар падвяргаецца народнаму этымалягічнаму аналізу. Многім тут чуецца нешта ваўчынае.

На самой жа справе ваўчар паходзіць ад ангельскага дзеяслова vouch - пацьвярджаць, паручачацца за што-небудзь. Выторнае ад яго слова ваўчар у мове-арыгінале мае два значэньні. Гэта, па-першае, дакумэнт, які пацьвярджае права ўладальніка на атрыманьне пэўных тавараў ці паслугаў, за што, як правіла, заплочана пры папярэдняй зьдзелцы. Сынонімам яму могуць быць словы расьпіска, талён , білет. Па-другое, ваўчар - гэта і чалавек, які выпісвае або выдае такі дакумэнт. Гэтае значэньне пакуль не запазычанае.

Заўважым, што хоць ваўчар адначасна прыйшоў і ў беларускую, і ў расейскую мовы, яго ўжываньне мае пэўныя асаблівасьці. Так, у Расеі зь ініцыятывы Анатоля Чубайса праводзілася ваўчарная прыватызацыя. У Беларусі прыватызайцыйныя дакумэнты назвалі чэкамі, а ваўчар замацаваўся пераважна ў сфэры турысцкага бізнэсу. Таму беларускае значэньне ваўчару раўназначнае знаёмаму слову пуцёўка: купляючы ваўчар у турысцкай фірме, вы атрымліваеце гарантыю аплочанага начлегу і сняданку ў адным з замежных гатэляў. Праўда, тое, што гэтыя паслугі часта таксама ўмоўныя і незапатрабаваныя - іншая размова.

Алена Ціхановіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG