Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краявід


Краявід - складанае слова, складаная зьява. Краявід можа быць які заўгодна: сумны, радасны, змрочны, сонечны, маляўнічы ці жахлівы. Але, нягледзячы на азначэньні, само слова краявід дадае фразе паэтычнасьці.

Я хаджу закаханы ў твае краявіды
І шапчу я прызнаньні, о, мой край дарагі,

- напісаў Генадзь Бураўкін.

Пэйзаж, ляндшафт і малюнак (апошняе - у пераносным значэньні) - падае слоўнік Клышкі сынонімы да краявіду, які ў гэтым шэрагу - адзінае - канкрэтнае і незапазычанае слова. Між тым, у слоўніку Ластоўскага яно падаецца ў форме краёвідзь, пасьля якога чытаем сынонім: спазор.

Тыпы беларускага краявіду: вясковы і гарадзкі, раўнінны і ўзгорысты, азёрны, лясны, пушчанскі. Карацей, усё як у людзей, калі не лічыць таго, што трэба было б улічваць найперш: Чарнобыльскі краявід - пакінутыя, разбураныя і разрабаваныя паселішчы, пачварныя жывёлы, ненатуральна вялікія расьліны... Чарнобыльскі краявід. Калі зрабіць з гэтага слова абрэвіятуру - ЧК, то й сапраўды можна заўважыць, што гісторыя, для тых, хто на ёй ня вучыцца, паўтараецца...

Краявід ня мае гаспадара. Гэты кавалак абшару мне не належыць, але захапляцца краявідам я магу. Але чалавек заўсёды імкнецца ўжываць тое, што мае. Хто толькі ня зьдзекваўся, хто толькі не зьмяняў нашых краявідаў! - войны, навалы, будаўнікі, дрывасекі, мэліяратары. Хто толькі не ўпрыгожваў іх - Боская ласка, рупнае дбайства, дойліды і садоўнікі.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG