Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архіў.


Які юнак ці чалавек сталы, які любіць жыцьцё, змагаецца з сёньняшнімі праблемамі ці марыць пра будучыню, не папярхнецца ад быццам цалкам неядобнага, сухога, шаршава-мяртвячага слова архіў...

Сэрца якога чалавека, які цікавіцца загадкамі жыцьця, думае пра будучыню, не адгукнецца ўсхваляваным бурным стукам, чые вочы не загарацца, у чыіх жылах не ўскіпіць кроў паляўнічага-продка пры ўрачыста-ганаровым, падобным на храм слове архіў!

Салодка-салёны арахісавы смак, пах закансэрваванага часу, даўгія паліцы, поўныя тайнаў, сховішча спрэсаваных гадоў, дзе сьпіць як зачараваная царэўна наша мінуўшчына.

Архівы БНР сталіся першай ахвярай бальшавіцкай палітыкі на Беларусі: засакрэчаная дзяржава, украдзеная памяць, замкнёнае ў вязьніцы спэцсховішчаў мінулае, якое ня стала будучыняй - пакуль ня стала.

У архівах захаваная ня толькі мінуўшчына, але і прышласьць.

Беларускія архівы раскіданыя па сталіцах суседніх дзяржаваў і недаступныя ў сваёй сталіцы: хто бачыў калі-небудзь поўны вопіс архіву ЧК-ГПУ-НКВД-КГБ.

Нават у ХХ стагоддзі зь ягонымі сродкамі зьнішчэньня спаленае і разьвеянае, пахаванае і перапахаванае мінулае ўсё ж хоць адным атамам ды не зьнікае.

Напісанае застаецца.

Архівы бесьсьмяротныя.

Вечная памяць.

Памяць -- вечная.

Аляксандар Лукашук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG