Вельмі нямногія апытаныя сказалі, што зусім не цікавяцца Алімпійскімі гульнямі ў Солт-Лейк-Сыты й ня сочаць за выступамі там беларускай зборнай. Бальшыню ў той ці іншай ступені гэтае пытаньне цікавіць.
Я пытаўся, што думаюць людзі пра скандал з выдаленьнем Міжнародным алімпійскім камітэтам кіраўніка беларускай дэлегацыі Яраслава Барычкі, і чаму так невыразна выступае беларуская зборная на Алімпіядзе.
(Хлопец: ) "Можа гэта й добра, бо нельга йсьці супраць Міжнароднага алімпійскага камітэту, а нашая краіна павінна ўвайсьці ў новую Эўропу".
(Спадар: ) "На гэты час мы яшчэ ня ведаем, што там і як было на самой справе. Мы бачым, на што здольная беларуская зборная... Яшчэ біятлён наперадзе, будзем чакаць ад нашай зборнай удалага выступу".
(Дзяўчына: ) "Я не лічу, што судзьдзі ставіліся перадузята да беларускай зборнай".
(Карэспандэнт: ) " Чаму?"
(Дзяўчына: ) "Па-першае, калі ўжо знайшлі пэўную дозу допінгу ў крыві, спартовец мусіў прайсьці кантроль другі раз".
(Карэспандэнт: ) "А тое, што беларуская зборная ня выйграла ніводнага мэдаля?"
(Дзяўчына: ) "Я не лічу, што гэта падступныя дзеяньні судзьдзяў. Спорт гэта найперш удача, фартуна".
(Іншая дзяўчына: ) "Няма ў Беларусі яшчэ разьвітой спартовай школы, а перадузятасьці няма".
(Малады чалавек: ) "Я сачу за выступленьнямі беларускай зборнай у Солт-Лейк-Сыты, але я ня чуў пра выдаленьне з-за допінгу. Для мяне, як для беларуса, крыўдна, што мы не змаглі заваяваць мэдаль. Думаю, што дрэнна падрыхтаваліся".
(Дзяўчына: ) "Я лічу, што беларуская зборная мае невысокі ўзровень каб ёй давалі залатыя мэдалі".
(Спадар: ) "Я думаю, што нашая каманда выглядае ня горш за іншыя каманды. І судзьдзі нармальна ставяцца да нашых. Ніякай перадузятасьці няма".
(Іншы спадар: ) "Мне здаецца, што Беларусь заслугоўвае таго, чаго заслугоўвае. А так мэдалі ж будуць. Мне здаецца, што ў біятлёне Сашурын, у фрыстайле возьмуць…"
Гэта былі меркаваньні людзей, якія не заўважылі адмысловага нэгатыўнага стаўленьня да беларускай зборнай з боку міжнародных судзьдзяў.
Але сярод беларускіх заўзятараў існуе й іншая думка.
(Дзяўчына: ) "Мне здаецца, што ёсьць. І ня толькі да беларусаў, але й да іншых. Увогуле ў гэтым годзе судзі падкупныя. Гэта выявілася, калі былі спаборніцтвы ў фігурным катаньні. Француская судзьдзя сама прызналася, што прысудзіла Амэрыцы. Я лічу, што гэтыя спаборніцтвы несумленныя".
(Хлопец: ) "Я лічу, што міжнародныя судзьдзі ставяцца ня вельмі. Маўляў, хто такія беларусы?”
(Карэспандэнт: ) "А ў чым прычына? Да іншых нармальна, а да беларусаў чаму такое стаўленьне?"
(Дзяўчына: ) "Беларусь не ўспрымаюць як дзяржаву, гэта сапраўды так. І таму пэўна й нашых спартоўцаў не заўважаюць, ды не ўспрымаюць, што яны прэзэнтуюць асобную краіну".
(Хлопец: ) "Можа з палітычных прычынаў, але я лічу, што нашая зборная нядрэнна выступала".
Так лічаць беларусы, якія заўважылі несправядлівае, на іх думку, стаўленьне да беларускіх алімпійцаў у Солт-Лейк-Сыты.