Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЭФА БЕЛАРУСКАЙ АЛІМПІЙСКАЙ МІСІІ ДЭПАРТУЮЦЬ З СОЛТ-ЛЕЙК-СЫТЫ


Непасрэдна вінаватая ў чарговым скандале вакол беларускай каманды Юлія Паўловіч. Дэбютантку спаборніцтваў у шорт-трэку пасьля нядзельнага фінішу западозрылі ва ўжываньні забароненых стымулятараў. Але канчатковы вынік допінг-кантролю павінен быў стаць набыткам галоснасьці ўчора, пасьля аналізу так званай пробы “Б”. Але ні Паўловіч, ні шэф місіі Яраслаў Барычка, які ў такіх выпадках павінен асабіста суправаджаць спартоўцаў, у мэдычную лябараторыю на дасьледаваньне не зьявіліся. Тады Міжнародны алімпійскі камітэт зрабіў беспрэцэдэнтны захад: дэпартаваць кіраўніка алімпійскай місіі разам са спартоўцам. Сам Яраслаў Барычка ад камэнтароў адмаўляецца, але ў прэсавай службе НАК лічаць, што такія захады не адпавядаюць самому духу алімпійскага руху, бо Паўловіч ніяк не прэтэндавала на алімпійскія ўзнагароды і такі радыкальны крок ня меў відавочных падставаў. На думку аднаго з прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, дэпартацыя Барычкі — адэкватная рэакцыя арганізатараў на папярэдні скандал з харчаваньнем беларускіх біятляністаў, у распальваньні якога непасрэдны ўдзел браў і кіраўнік місіі. Падзяляе меркаваньне кіраўнікоў афіцыйнай дэлегацыі й лекар нацыянальных камандаў Беларусі Валеры Бялан, які неаднойчы прысутнічаў на працэдурах допінг-кантролю. (Бялан: ) “Пад прыкрыцьцём барацьбы за чысьціню ў спорце змагаюцца супраць такіх краінаў, як наша. У нас няма сваіх лябараторыяў, і таму нас будуць “душыць” надалей. У МАК існуе сыстэма акрэдытаваных лябараторыяў з цэнтрам у Лазане. Аснову складае 100 мільярдаў бюджэту Алімпійскага камітэту. З аднаго боку, яны моцна змагаюцца, а зь іншага, маючы свае лябараторыі, экспэрымэнтуюць. Я, калі рыхтаваў людзей, то прыкладныя тэрміны вывядзеньня стэройдаў з арганізму ведаў. Але нашыя, так бы мовіць, “цацкі” параўнальна зь іхнымі абсалютна бяскрыўдныя. У лябараторыях можна дасягнуць неабходных тэрмінаў вывядзеньня пад канкрэтнага чалавека. Гэта сапраўдныя лябараторныя дасьледаваньні, і дозы там індывідуальна падабраныя. А так акрэсьліваюць барацьбу, але выключна дзеля таго, каб гэтыя 100 мільярдаў круціліся, прыносілі прыбытак. Гэта індустрыя алімпійскага руху. У фармакалёгіі Захад у параўнаньні з намі рушыў на пакаленьне наперад”. Беларускіх спартоўцаў ня раз лавілі на ўжываньні забароненых стэройдаў. Але дагэтуль усе яны прадстаўлялі выключна летнія дысцыпліны. Зімовыя віды трапілі ў эпіцэнтар допінгавага скандалу ўпершыню. Валеры Бялан кажа, што ўжываюць стымулятары практычна ўсе спартоўцы, але ловяць выключна тых, хто карыстаецца маральна састарэлымі анаболікамі. (Бялан: ) “Ужываюць усе. Гаворка йдзе пра тэрміны вывядзеньня. Да кожных спаборніцтваў рыхтуюцца новыя мэтодыкі. Калі яшчэ нядаўна анаболікі лавіліся 20 дзён, то зараз іх не адсочыш ужо празь некалькі дзён. Самы стары, мэтандрэстынол, ловіцца цягам 42-х дзён. Натуральна, ён сябе аджывае. Значыцца, патрэбныя новыя лекі. Адпаведна, у каго болей грошай, у таго болей шанцаў застацца па-за падазрэньнямі. У дадзеным выпадку допінг-кантроль мэтанакіраваны. Калі б ён быў аб’ектыўны і справядлівы — гэта адно. А так ён скіраваны”. Выканаўчы дырэктар НАК Яраслаў Барычка трапіў у Солт-Лейк-Сыты зусім выпадкова. За два тыдні да адпраўленьня беларускай каманды ў ЗША прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка адхіліў раней прызначанага кіраўніка дэлегацыі Аляксандра Грыгарава на той падставе, што “спартоўцам будзе завязваць шнуркі той, хто гэта ўмее рабіць”. Дагэтуль Барычка ўзначальваў беларускую дэлегацыю ў Нагана, і за тое, што дапамог Лукашэнку арганізаваць спантанны візыт у Японію, атрымаў ад таго “пяцёрку”. Зараз, мяркуючы па ўсім, адзнака будзе не такая высокая. Сам Барычка найбольш вядомы тым, што быў куратарам алімпійскай будоўлі — жылога комплексу для спартоўцаў у сталічным мікрараёне “Вясьнянка”. Будоўля гэтая адзначаная шэрагам скандалаў, але Барычка не стамляўся паўтараць, як прэзыдэнт клапоціцца пра нацыянальны спорт. Дагэтуль спартовы функцыянэр працаваў у Магілёве, у сфэры прафсаюзнага спартовага руху, і ягоны кар’ерны рост адбыўся выключна дзякуючы намаганьням Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG