Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны зімовай Алімпіяды ў вечаровай праграме 16 лютага


*** Першыя сёньняшнія мэдалі разыгралі біятляністы ў заезьдзе зь перасьледам на 12 з паловай кілямэтраў. Трэці раз на сёлетняй Алімпіядзе заваяваў залаты мэдаль нарвэскі спартовец Оле-Эйнар Б’ёрндален. Гэта першы такі выпадак за ўсю гісторыю зімовых алімпіядаў. На другім месцы быў француз Рафаэль Пуарэ, на трэцім – немец Рыка Грос. А вось вынікі беларускіх біятляністаў: Вадзім Сашурын фінішаваў 10-ты, Алег Рыжанкоў – 20-ты, а Аляксей Айдараў і Аляксандар Шыман падзялілі 43-44 месцы.

*** На дыстанцыі 10 кілямэтраў зь перасьледам сёньня змагаліся за мэдалі біятляністкі. Алімпійскае золата заваявала прадстаўніца Расеі Вольга Пылева, на другім месцы немка Каці Вільгельм, на трэцім – баўгарка Ірына Нікульчына. Беларуска Вольга Назарава была 11-я, Яўгенія Куцапалава –28-ая, Алена Хрусталёва – 30-ая.

*** У камандных спаборніцтвах двухборцы выступалі на 90-мэтровым трампліне. Наперадзе была каманда Фінляндыі, на другім месцы – аўстрыйцы, на трэцім – амэрыканцы.

*** Сёньня адбыліся першыя старты беларускіх фрыстайлістаў. Пасьля двух кваліфікацыйных скокаў у акрабатыцы сярод жанчын наперадзе швэйцарка Эвэлін Лёй, на другім месцы – аўстралійка Аліса Кэмплін, на трэцім – беларуска Ала Цупер. Яшчэ адна беларуска – Асоль Сьлівец – заняла 13 месца і ня трапіць у фінал. Фінальныя спаборніцтвы адбудуцца ў панядзелак.

*** Сёньня на трасу акрабатычных скокаў выйшлі і мужчыны. Пасьля першага кваліфікацыйнага скоку наперадзе – беларус Аляксей Грышын. Дзьмітры Рак – на 9-м, Дзьмітры Дашынскі – на 15-м. Фінал спаборніцтваў, у якім возьмуць удзел 12 найлепшых, адбудзецца ў аўторак.

*** Горныя лыжы. У спаборніцтвах у супэргіганцкім слаламе свой другі залаты мэдаль заяваяў нарвэскі гарналыжнік К’етыль Андрэ Омат. Другое і трэцяе месца занялі аўстрыйцы Штэфан Эбэргартэр і Андрэас Шыфэрэр.

*** У жаночым хакейным турніры сёньня тры матчы. Каманда ЗША выйграла ў Фінляндыі – 5:0, у гэтыя хвіліны пачынаецца матч Нямеччына-Кітай, а пасьля на лёд выйдуць каманды Канады і Швэцыі.

*** У хакеістаў сёньня адбудуцца два матчы ў групе, дзе гуляе каманда Беларусі. А 1 гадзіне 45 хвілін паводле менскага часу пачнецца матч Беларусь-Фінляндыя, а а палове сёмай раніцы – ЗША-Расея.

*** Канькабежны спорт. У гэтыя хвіліны адбываецца забег на 1000 мэтраў сярод мужчынаў. Пакуль што наперадзе – з новым усясьветным і алімпійскім рэкордам – нідэрляндзец Герард Ван Вэльдэ. Беларус Ігар Макавецкі на гэты момант – 27-мы, а Аляксей Хатылёў – 28-мы..

*** Беларуска Юлія Паўловіч выступіць і ў спаборніцтвах у шорт-трэку.

*** 39-гадовы брытанскі біятляніст Майкл Дыксан не зьбіраецца сканчаць сваю спартовую кар’еру. Ён плянуе трапіць у алімпійскую каманду стральцоў сваёй краіны і выступіць у стральбе на Алімпіядзе 2004 году ў Атэнах. Дыксан – адзін зь сямі спартоўцаў у гісторыі спорту, якія бралі ўдзел у шасьці Алімпійскіх гульнях. Ён дэбютаваў у 1984 годзе ў якасьці лыжніка. У 1987 годзе ён перайшоў у біятлён і ў гэтым спорце браў удзел у пяці Алімпіядах. У Солт-Лэйк-Сіты ён заняў 79-е месца ў індывідуальнай гонцы на 20 кілямэтраў і 74-е ў 10-кілямэтровым спрынце. Найлепшым ягоным дася1гненьнем на Алімпійскіх гульнях было 12-е месца ў 1992 годзе ў Альбэрвілі на дыстанцыі 20 кілямэтраў.

***Старшыня Міжнароднага саюзу канькабежцаў Атавіё Чынкуанта заявіў, што цырымонія ўзнагароджаньня канадыйскіх фігурыстаў Джэймі Сэйл і Давіда Пэлецье другім камплектам залатых мэдалёў адбудзецца на наступным тыдні – у чацьвер 21 лютага. Атавіё Чынкуанта паведаміў, што такая пастанова была прынятая галасамі пераважнай большасьці сяброў выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту – «за» было пададзена 7 галасоў з 9. Прадстаўнік Кітаю галасаваў супраць, прадстаўнік Расеі ўстрымаўся. За ўсю гісторыю Алімпійскіх гульняў аналягічнае рашэньне, якім выпраўляецца судзейская памылка, прымалася выканкамам Міжнароднага Алімпійскага Камітэту 4 разы. Апошні раз гэта здарылася на летняй Алімпіядзе 1992 году ў Барсэлёне, калі залатым мэдалём пост-фактум узнагародзілі канадыйскую плыўчыху. Тады памылка бразыльскага судзьдзі, якая не дазволіла канадыйскай спартоўцы стаць чэмпіёнкай, была прызнаная відавочнай.
XS
SM
MD
LG