Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны зімовай алімпіяды ў вечаровай праграме 14 лютага


* Першыя мэдалі сёньня заваявалі лыжнікі. Мужчыны ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на 10 кілямэтраў клясычным стылем і ў забегу вольным стылем на 10 кілямэтраў зь перасьледам. Другое алімпійскае золата выйграў гішпанец нямецкага паходжаньня Ёган Мюлег. Беларускі лыжнік Раман Віралайнэн быў 31-ты.

* У сноўбордзе жанчыны і мужчыны сёньня выйшлі на старты паралельнага гіганцкага слаламу. Пасьля кваліфікацыйнага заезьду сярод жанчынаў наперадзе аўстрыйка Марыя Кірхгасэр, у мужчынаў – швэйцарац Жыль Жаке.

* Гарналыжніцы сёньня змагаюцца за мэдалі ў камбінаваным слаламе. Пасьля двух зьездаў наперадзе харватка Яніца Костэліч

Сёньня ў праграме алімпіяды яшчэ адбудуцца гэткія спаборніцтвы:

* Працягваюцца спаборніцтвы ў керлінгу, сёньня адбудуцца наступныя тры колы

* Хакеісты камандаў, якія ня вышлі ў наступнае кола спаборніцтваў, сустрэнуцца між сабою, каб вызначыць лёс ад 9 да 14 месцаў. За 9 месца будуць змагацца Ўкраіна і Латвія, за 11-е – Швэйцарыя і Аўстрыя, за 13 – Славаччына і Францыя. Нагадаю, што гульні найлепшых васьмі камандаў пачнуцца заўтра матчам Беларусь-Расея.

* У жаночым хакеі сёньня Фінляндыя выйграла ў Нямеччыны 3-1, а пазьней яшчэ адбудзецца матч Кітай-ЗША

* Канькабежны спорт – сёньня адбудзецца другі забег жанчын на дыстанцыі 500 мэтраў. Нагадаю, што пасьля першага забегу Анжаліка Кацюга займае 6-ае, а Сьвятлана Радкевіч – 30 месца.

* У фігурным катаньні сёньня – вольная праграма ў мужчынаў

* Нарэшце, сёньня адбудуцца спаборніцтвы ў трох дысцыплінах шорт-трэку: забег на 1000 мэтраў мужчынаў, эстафэта 5000 мэтраў мужчынаў і забег на 1500 мэтраў сярод жанчын

Некалькі паведамленьняў вакол алімпіяды:

* Кіраўнік францускай каманды фігурыстаў Дзідзье Гэляге заявіў, што на судзьдзю з Францыі, якая працавала на спаборніцтвах у парным катаньні быў зроблены ціск, што паўплывала на даваныя ёю адзнакі. Аднак ён абвергнуў чуткі пра тое, што ў гэтым ціску адыграла нейкую ролю фэдэрацыя фігурнага катаньня Францыі. «Пэўныя людзі, блізкія да Мары-Рэн Лё Гунь зрабілі ціск на гэтага сумленнага і шчырага, але кволага судзьдзю», - заявіў Дзідзье Гэляге. Мары-Рэн Лё Гунь была адной з судзьдзяў, якія паставілі расейскую пару Беражная-Сіхарулідзэ вышэй за канадыйцаў Саль-Пэлецье ў спаборніцтвах спартовых параў.

* Дырэктар харчовай службы алімпіяды Дон Прычард паведаміў пра папаўненьне запасаў гот-догаў у месцах спаборніцтваў. Пасьля таго, як за першыя пяць дзён гульняў натоўпы гледачоў паглынулі ўвесь алімпійскі запас гот-догаў – 400 тысячаў порцыяў, арганізатары тэрмінова замовілі новую партыю, і ў пятніцу на спартовыя аб’екты будуць завезеныя яшчэ 42 тысячы порцыяў. Гот-догі прадаюцца па 5 даляраў за штуку. Дон Прычард сказаў, што не спадзяваўся на такія тэмпы і апэтыты гледачоў. «Пакаштуюць адзін і адразу бяруць яшчэ», - паскардзіўся ён. Каб пакінуць больш ежы гледачам, арганізатары забаранілі есьці гот-догі сваім супрацоўнікам і валанцёрам.
XS
SM
MD
LG