Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Першыя былі такія, як Ціхон, Тарас – усіх агіціравалі ў калхоз, каб і яны самі пайшлі першыя, і абагулілі ўсё. Ну да вайны яны так і жылі ў гэтым калхозе. Ня ўсе, можа чалавек дзесяць толькі было. А посьля калхоз як разрабіўся, як вайна была, посьля таго ўжо другі раз уступалі ў калхоз – гэта ўжо не ўступалі: проста заганялі ў калхоз пасьля вайны. Тады яны ніадзін не пайшоў – так і памярлі і ў калхоз не ўступалі. У сельсавет завядуць: пішы заяўленьне і хоць што хочаш, мусіш пісаць.

Хаваліся людзі, хаваліся, уцякалі, самі – ніхто, ніадзін не прыйшоў уступіць у калхоз. Трэба ж усё аддаць у калхоз, а ўсё ж сваімі рукамі было нажыта – і конік быў, і хамут, і наберадкі, і падсядзёлак – а ўсё ж трэба было аддаць гэта. А каму ж гэта хацелася так? Дык вось так і хаваліся.

Малога пасадзяць на воз – вязе зярно дамоў на коніку. Я еду на кані, бо ў мяне ж калхоз ня будзе браць – бацьку трэба. Бацька ідзе па рове – хаваецца, каб не ўлавілі гэтыя. А я ўжо еду. Прыяжджаю да гумна – бацька з гароду ідзе. Разгрузім, і я зноў па вуліцы еду, а бацька ізноў па гародах ідзе. Каб ніхто ня відзеў.

А аднаго дзядзьку прывялі ў сельсавет, кажуць: “Во, заяўленьне ўжо напісанае, толькі ты расьпішыся”. А хто граматны? Граматных тады ж не было. Якая ж грамаць была? А той дзядзька быў кравец, кажухі шыў, ён знаў, як пісаць, мераў жа ж гэтыя… І напісаў: “Воздзержусь да осені”. Дык яму ў сьпіну, у сьпіну, і выгналі з сельсавета. Ну болей ужо да яго не прыставалі тады.

А посьле ж мусілі ўмесьце – раз зрабіўся калхоз, дзе ж дзенесься, мусілі ісьці. Пашлі ўсе ў калхоз, хто і заяўленьня не падаваў. Зразу ж ўсё заяўленьня, пішы заяўленьня, а посьле адзін за адным. Мусілі ўжо ісьці.

Мікола Сымонька, в. Маркава Маладэчанскага раёну

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG