Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хацеў бы распавесьці пра тое, як рабіліся першыя беларускія, назавем іх непадцэнзурныя, друкаваныя выданьні ў сярэдзіне 80-х.

Гэта быў даволі рамантычны працэс. Па-першае, трэба было знайсьці кватэру з маладой сям’ёй, дзе…ну ніхто ня будзе перашкаджаць. Па-другое, я ўжо ня ведаю чаму, усё гэта рабілася звычайна па начах з тым, каб у шэсьць гадзінаў вечара пачаць і працаваць да дзевяці раніцы, а потым пайсьці на працу. Ясна, што не было ніякіх кампутараў, прынтэраў. Уся капіравальная тэхніка знаходзілася на ўліку, людзі, якія працавалі з капіравальнай тэхнікай, давалі спэцыяльныя падпіскі, і сам тэхналягічны працэс выглядаў даволі складана. Усе матэрыялы друкаваліся калёнкамі на друкавальнай машынцы, пры гэтым іх трэба было надрукаваць максымальна акуратна, бо любая праўка патрабавала як мінімум перадрукаваць увесь радок, а часамі абзац, і трэба было лавіць, каб гэтая калёнка не паехала ўніз; каб газэта выглядала акуратна, трэба было друкаваць вельмі і вельмі дакладна. Па-другое, усе гэтыя калёнкі расклеіваліся на аркушах паперы, трэба было выцінаць нажніцамі. Карацей, гэта было мастацтва аплікацыі, якое патрабавала вельмі вялікай акуратнасьці.

І вось я прыгадваю такі выпадак. Мы рабілі ня памятаю якое выданьне, гэта ўжо была раніца, можа шэсьць, можа сем гадзінаў раніцы, газэта ўжо была зробленая, усё ўжо было расклеена, загалоўкі былі зробленыя, я рабіў апошнюю карэктуру. І я заўважыў, што ў нейкім абзацы, ня памятаю ў якім, не стаяла кропка. І тады я заправіў у друкавальную машынку чысты аркуш паперы, паставіў на машынцы кропку, выцяў квадрацік два мілімэтры на два мілімэтры, акуратна ўклеіў яго на месца, і тады газэта пайшла на капіраваньне.

Вось такі ўспамін. Я ня думаю, што такая тэхналёгія калі-небудзь можа быць паўтораная ў ХХІ стагодзьдзі.

Алесь Суша, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG