Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я хачу вярнуцца ў жнівень 1991 года. Путч.

Увогуле, 19 жніўня я да паўдня не ўключаў радыё, тэлевізару ў мяне прынцыпова няма. І вось выяжджаю ў горад і сустракаю на праспэкце Машэрава маці Вінцука Вячоркі. Жанчына ледзь не галосіць: “Што ж цяпер будзе?” Я няўцямна пазіраю на яе. Яна паведамляе, што пераварот, што ўводзіцца ваеннае становішча. Я азіраюся і ніякіх танкаў і ваенных патрулёў ня бачу. Але пачынаю распытваць, што за такое – ваеннае становішча, з чаго яно ўзялося.

А далей еду ў рэдакцыю “Крыніцы”, уключаю прыёмнік і слухаю заяву ГКЧП. І калі дайшло да пункту падвышэньня зарплатаў і зьніжэньня цэнаў, я зарагатаў як ненармальны і зразумеў, што гэта – нейкія авантурысты.

Але тым часам трэба было выпускаць партыйную газэтку “Грамада”. Дзеля таго, што ў Менску нельга было яе друкаваць, трэба было ехаць у Воршу, ну а перадавіцу я пісаў, седзячы ў электрычцы. Усе абураліся дзеяньнямі гэкачэпістаў. Адзін я напісаў перадавіцу, якая называлася “Няхай жыве пераварот”. Бо было відавочна, што гэты путч праваліцца.
Але ня менш відавочным было і тое, што гэта – пачатак рэальнага распаду Савецкага Саюзу. І там я цытаваў словы Анатоля Ільіча Вярцінскага. Анатоль Ільіч аднойчы сказаў, аналізуючы сытуацыю: “Беларусь асуджаная на незалежнасьць”. І вось, пішучы гэты артыкул – “Няхай жыве пераварот” – я, спасылаючыся на Анатоля Ільіча, ухваляў дзеяньні ГКЧП. Бо было ведама, яшчэ раз паўтараю, што Савецкі Саюз распадзецца.

Дзіўна чаму гэтага ня бачылі многія іншыя палітыкі. Гэты артыкул надрукаваны ў газэце “Грамада” № 2 у тыя путчаўскія дні, раздаваўся на пляцы Незалежнасьці. У мяне захаваўся адзін-адзіны экземпляр.

21 жніўня ўжо вярнуўся Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў, гаворыць па тэлебачаньні, гаворыць пра сацыялістычныя каштоўнасьці, я чакаю аднае-адзінае фразы – звароту да камуністаў, якія падтрымліваюць каштоўнасьці сацыял-дэмакратыі, стварыць сацыял-дэмакратычную партыю. Але Міхаіл Сяргеевіч гаворыць доўга, і фразы, якую я чакаў, так і не пачуў. І пасьля гэтага я сказаў уголас: “Дурак ты, Міхаіл Сяргеевіч!” Гэта быў страчаны шанец.

А цяпер мне дзіўна чуць, што чалавек аж праз восем гадоў пасьля таго, нарэшце, пачаў ствараць сацыял-дэмакратыю.

Анатоль Сідарэвіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG