Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Камісар думае, што я вельмі добры хлопец, вельмі пранямецкі. Ён запрапанаваў мне паехаць у Нямеччыну, каб паглядзець, што там робіцца. Я ўхапіўся за гэтую ідэю – хацеў паглядзець, што робіцца з тымі, хто паехаў дабраахвотна на працу. Я згадзіўся паехаць у Прусію. Ён кажа: “Тут ты вольны, ад Кёнігсбергу можаш ехаць куды хочаш”.

У першую чаргу паехаў туды, дзе быў маленькі лягер, дзе я працаваў на фарме, і была дзяўчына прыгожая там, між іншым. Хацеў паглядзець, але яна ўжо замуж выйшла, дзіця было, дык ужо запозна. З гэтым кончана.

Я паехаў на захад Нямеччыны і пайшоў у лягеры. Што я там убачыў? Жыды насілі нашытую зьвязду, а нашыя “Ost”. Яны былі лічаныя горш як скаціны. Яда была страшэнная, праца была 14 гадзінаў і больш у дзень, і я быў страшэнна ўзбураны, бо як іх мабілізавалі туды, казалі, што будзем з вас новыя кадры рабіць – мэханікаў, сьлесароў… Такія надзеі былі.

І як я вярнуўся дадому, першая рэч – у сэмінарыю, дзе былі мае кадры. Сэмінарыя – гэта ўвесь раён будзе знаць, яны з усіх раёнаў былі. Гэта быў уікэнд. Сказаў: “Ідзіце на вёскі, і каб ніхто, абсалютна ніхто не ішоў на работу ў Нямеччыну дабраахвотнікамі, а калі каго будуць змушаць – уцякайце. Каб не было вас там”.

Гэты мамэнт камісару дайшоў да вушэй. І за пару дзён я атрымаў паперку, маўляў, вы больш ня ёсьць работнікам, усе прывілеі, якія вы мелі, адбіраюцца, зброю я ня мог насіць тады. Лічыў, што мяне скора арыштуюць.

Але як я быў у Нямеччыне, я купіў “Майн кампф”. Я ня мог яе купіць, дастаць на тэрыторыях акупацыйных. “Майн кампф” я прычытаў, і тады было выразна – канец, мы – гэта ёсьць гной для нямецкай культуры, яны палітычна не разьвяжуць праблемы беларускай, значыць, трэба рабіць нейкую акцыю.

Барыс Рагуля

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG