Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Гэта было зусім нядаўна. 8 верасьня бягучага году мы ладзілі пікет да Дня беларускай вайсковай славы. Акцыя толькі пачалася, як да нас падыйшоў чалавек гадоў 45-ці і стаў усім цікавіцца. Я і раней неаднойчы заўважаў яго на нашых акцыях, таму і зрабіў выснову, што гэта наш прыхільнік. Мы прапанавалі мужчыну падпісацца за чатыры ўмовы АБСЭ для правядзеньня дэмакратычных выбараў, што той ахвотна і зрабіў.

– Заходзьце да нас на Фронт, – прапанаваў я мужчыну. – Ведаеце дзе мы?
– А як жа, – прыязна адазваўся той па-беларуску і дакладна назваў адрэсу нашага офісу.
– То заходзьце, – настойліва прапанаваў я ізноў.
– Дык неяк усё няма часу – адказаў той і, падзякаваўшы за запрашэньне, паціху аддаліўся ад нас.

Праз некаторы час нехта з прысутных карэспандэнтаў, што толькі падыйші да пікету, заўважыў:

– Ну вось, КДБ ужо тут, за ўсім сочыць.
– Дзе? – перапытаўся я.
– Вунь, – журналіст паказаў на мужчыну, зь якім мы толькі што размаўлялі.
– Ня можа быць! – Запярэчыў я. – Гэта ж наш прыхільнік, я яго часта бачу на нашых акцыях.
– Бо такая ў яго праца, – засьмяяўся журналіст.
– Але ж ён нават падпісаўся за народны рэфэрэндум, – спрабаваў пярэчыць я.
– Ну калі вы прапанавалі, чаму б не падпісацца? – Пачуў я контраргумэнт.

Хутка мы высьветлілі, што гэта быў сапраўды супрацоўнік гарадзкой управы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Пасьля таго здарэньня неаднойчы мае сябры зь мяне кпілі:

– Ну раскажы, Пікула, як ты кадэбэшнікаў у БНФ завербаваў.

Алесь Пікула, Баранавічы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG