Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Я раскажу адзін выпадак нядаўні, і зьвязаны ён з Курапатамі. Калі сядзіш у раскопе, у яме, напоўненай шкілетамі-трупамі, і над табой шумяць сосны ў цішы, дык паступова тыя рэчы, тыя прадметы, якія цябе акаляюць, пранікаюць у тваю істоту. Гэта вядома кожнаму архэолягу, бо ў акружэньні гэтых рэчаў раптам пачынаеш адчуваць той час. Гэта вельмі дзіўнае амбівалентнае існаваньне.

Калі сьпілоўваеш зруб ХІІ стагодзьдзя ў раскопе на Нямізе – пахне смалой. Гэта пах, якому 800 гадоў. Дык вось – пранікае ў істоту сьмерць. Раптам пачынаеш адчуваць, што гэтыя забітыя людзі, нечым табе знаёмыя, што ты побач зь імі.

І вось прыблізна праз тыдзень пасьля такіх псыхалягічна цяжкіх раскопак, я ехаў раніцай на працу ў аўтобусе, сьвяціла сонца, перада мной стаялі дзяўчына і хлопец, і ў яе былі доўгія валасы, як лён, і якраз такія валасы я ўчора раскопваў у магіле, абсалютна такія самыя. І раптам я ўбачыў, што я бачу іхныя шкілеты.

Хлапец нешта фліртаваў, прыціскаўся да гэтай дзяўчыны, а я бачу іхныя целы і бачу шкілеты. І ўбачыў, што поўны аўтобус шкілетаў. І я асабліва не зьдзівіўся – мне гэтае пачуцьцё было вядомае з літаратуры – яперад гэтым чытаў Дзініціро Танітакі, японскага пісьменьніка. Але тое, што гэта здарылася, зрабіла вельмі вялікае ўражаньне, таму што ў падсьвядомасьці ўзьнікла думка: вось што застанецца ад усіх – шкілеты. Што значыць гэтае прыцісканьне, гэтае фліртаваньне маладых людзей, якія таксама некалі памруць.

Вось гэтае амбівалентнае бачаньне ў мяне доўжылася каля месяца – я ўжо скончыў і раскопкі, а яно прадаўжалася. Потым гэта прайшло. Праз гэтую інфармацыю сьмерці вельмі выразна, да болю ў душы, чалавек пачынае адчуваць вечнасьць свайго існаваньня.

Зянон Пазьняк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG