Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


Аднойчы, пад час знаходжаньня ў Даніі на адным мастакоўскім праекце, я зусім выпадкова патрапіла ў тамтэйшы цір. Паглядзеўшы, як стараляе мой прыяцель – мастак з Паўночнай Ірляндыі, я зьбіралася сыходзіць, але мне прапанавалі стрэліць колькі разоў на спробу. Калі наблізілі мішэнь, там была толькі адна дзірачка, у самым цэнтры. Прысутныя моцна зьдзівіліся. Я спрабавала жартаваць, маўляў, астатнія кулі праляцелі міма, а гэта – так, выпадковая. Але гаспадар, ціру, таксма вельмі ўражаны, сур’ёзна запэўніў, што кулі пакрылі адна адну. Тут мне давялося патлумачыць, што ў маёй краіне ва ўсіх школах побач з матэматыкай, літаратурай і ўсімі іншымі прадметамі была і такая абавязковая дысцыпліна, як вайсковая падрыхтоўка, дзе ўсе школьнікі мусілі ўмець добра стараляць, маршараваць, кідаць гранаты, разьбіраць і зьбіраць на хуткасьці аўтамат і шмат чаго іншага такога кшталту.

Потым уся ваколіца абмяркоўвала гэтае здарэньне, і ўрэшце вырашылі арганізаваць спаборніцтвы. Я там удзельнічала і атрымала мэдаль, але вырашыла дома нікому не распавядаць гэтую гісторыю – я ж прыехала туды маляваць, а не страляць. Словам, я схавала свой мэдаль і забыла пра гэта.

Аж аднаго разу праз некалькі месяцаў я атрымала ліст ад сваіх сяброў-музыкантаў. Там былі фатаздымкі і таксама запісы з іхных канцэртаў. Калі ў адной песьні я пачула словы: “Больш я ўжо не гуляю, а толькі страляю, страляю”, я адразу ж адшукала свой мэдаль і прымацавала яго да сьцяны. І там, у маленькім дацкім гарадку, на беразе Паўночнага мора гэты мэдаль грэў мне душу і нагадваў аб радзіме. А цяпер на бацькаўшчыне ён нагадвае мне пра дзівосы савецкай адукацыі і пра шчырую зайздрасьць аднаго паўночна-ірляндзкага патрыёта.

Тацяна Маркавец, Вільня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG