Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя. - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


За ўсё маё жыцьцё і жыцьцё такіх як я – радасьці амаль што і не было. А гора бачылі багата ад самага дзяцінства. Пачатак калектывізацыі – голад. Памёрлі суседзкія хлапчукі – мае равесьнікі. Іншых пагналі на Салаўкі разам з бацькамі, і болей яны не вярнуліся. Гэта – уражаньне раньняга дзяцінства.

А потым была школа. Арышты настаўнікаў на ўроках. А потым прыслалі неадукаваных людзей. А потым – вайна і лягер. Вось там сабралі ўсіх: вучоных і акадэмікаў, сялян і рабочых. Кожны змагаўся за жыцьцё ў адзіночку, і кожны паміраў у адзіночку.

А потым знайшлі сілы. Аб’ядналіся. У 1953 пракаціўся па спэцлягярох, дзе ўтрымліваліся палітвязьні, шэраг паўстаньняў. Першае і самае масавае – гэта Горлаг, Нарыльск. Потым Рэчлаг – Варкута. Потым Стэплаг – Кінгір.

Я сядзеў за здрадніцтва, як нямецкі шпіён. Нямецкім шпіёнам ніколі ня быў, на фронце ня ўдзельнічаў, і што я там здрадзіў – і сам ня ведаю. А ў Горлагу я тры гады не выходзіў з турмы. Да паўстаньня мы былі гатовыя. Але нас справакавалі. Вывесілі чорныя з чырвонай паласой сьцягі – гэта сьцягі Нарыльскага паўстаньня. Чорнае – гэта мы існуючай улады не прызнаём, а чырвоная паласа – гэта пралітая кроў у лягярох.

Я ўзначальваў беларусаў. А іх было каля пяці тысячаў у Горным лягеры, і да мяне прымыкалі: частка літоўцаў і частка ўсходніх украінцаў. Ад іх імя я ўдзельнічаў у перамовах з маскоўскай камісіяй, якую прыслаў Берыя, і выкладаў патрабаваньні паўстаўшых. Загінула пры падаўленьні паўстаньня дзесьці багата, зь іх каля 100 беларусаў, бо беларусы ў паўстаньні паказалі сябе самымі арганізаванымі, самымі прынцыповымі, мужнымі і актыўнымі.

Гэта адзначана і ўкраінцамі, і расейцамі. І на ўсіх міжнародных канфэрэнцыях палітвязьняў Гулагу. Бо беларусы былі аб’яднаныя ў адзінае. Былі мы на самых небясьпечных участках гэтага паўстаньня. І каб паўстаньне гэтае не памерла, каб засталася пра яго памяць – трэба было напісаць гімн, вывучыць усім і выканаць. І гімн быў напісаны на матыў песьні Ўкраінскай Паўстанцкай Арміі. Гэтую песьню напяваў мне Васіль Нікалышын:

Мы заявили всей орде кремлёвской
Святой протест насилию и злу,
И чёрный флаг с кровавою полоской
В Совнаце взять приказывал Кремлю.

Дыханье жертв комиссии московской
Мы возродим, напомнив о себе,
И чёрный флаг с кровавою полоской
Нам путь осветит в праведной борьбе.

Рыгор Клімовіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG