Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты з Каліфорніі


Ці ўмеюць сабакі з Мэксыкі праходзіць праз аўтаматычныя дзьверы? – Адказ на гэтае пытаньне ўплывае на прэзыдэнцкія выбары ў Амэрыцы.

Так, прынамсі, лічыць адна газэта, якая абвінаваціла папулярнага сьпевака, знаёмага аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты, у тым, што той паддаў нагой сабаку, пры гэтым спаслаўшыся на ягонае нацыянальнае паходжаньне. Сьпявак апраўдваўся, што шнаўцэр, які належаў ягонай сяброўцы, прывезены з Мэксыкі і ня ведае, як праходзіць праз аўтаматычныя дзьверы ў гатэлі, таму сьпявак і прытрымаў яго нагой. Журналіст пазваніў у Мэксыку, у будаўнічую фірму, і пацікавіўся, як у краіне справы з аўтаматызацыяй уваходаў-выхадаў. Прэзыдэнт фірмы запэўніў, што ў Мэксыцы дзьверы адкрываюцца і закрываюцца аўтаматычна ўжо гадоў дваццаць. Значыць, заключыў экспэрт, і мэксыканскія сабакі могуць мець досьвед у праходжаньні праз такія дзьверы – калі, канешне, сабака, які пацярпеў пры выхадзе з гатэлю, не паходзіў зь якога-небудзь маленькага мястэчка.

Сэнс абвінавачаньня – кандыдыт у прэзыдэнты сябруе з асобамі з шавіністычнымі поглядамі, якія ўважаюць мэксыканскіх сабак за недаразьвітых. Што самае цікавае – на сёлетніх выбарах публікацыя сапраўды магла каштаваць кандыдату ў прэзыдэнты голасу амэрыканскіх мэксыканцаў.

Выбарчая кампанія Эль Гора і Джорджа Буша была напружана-сумнай. Я глядзеў выступы прэтэндэнтаў, рэклямныя ролікі і трое тэлевізійных дэбатаў. Пасьля дэбатаў я ведаю, за каго прагаласаваў бы сам – за Джыма Лэрэра, тэлежурналіста, якога абодва прэтэндэнты запрасілі на ролю вядучага.

Прэса даўно ўважаецца за чацьвертую ўладу ў Вашынгтоне. Сёлета я быў на вячэры для радыё- і тэлежурналістаў, на якую Белы дом традыцыйна запрашае прэсу раз на год. Біл Клінтан ня толькі выступіў з прамовай, якую госьці ня раз перапынялі дружным сьмехам і воплескамі, але і дэманстраваў зробленыя ў Белым доме тры рэклямныя відэаролікі, пародыю на выбарчыя абвесткі. Мне больш за астатнія спадабаўся сюжэт, у якім Клінтан агітаваў галасаваць за Эль Гора – на экране быў толькі Біл Клінтан у розных ракурсах, і голас за кадрам, які належаў таксама Клінтану, казаў, які ён разумны, прыгожы. Апошні кадр – галасуйце за Эль Гора, бо ёсьць 22-я папраўка да канстытуцыі. 22-я папраўка абмяжоўвае прэзыдэнцтва двума тэрмінамі. Папулярнасьць Клінтана пасьля 8 гадоў небывалага эканамічнага росквіту настолькі высокая, што ён мог бы перамагчы абодвух цяперашніх прэтэндэнтаў.

Зь іншага боку, тое, што падаецца сумным, вынік якраз напружанасьці і адказнасьці за любое слова, – як у выпадку з мэксыканскім сабакам. Адразу пасьля тэледэбатаў, напрыклад, на экране зьяўлялася ацэнка так званай “каманды праўды” – экспэрты ў студыі правяралі ўсе факты, якімі апэравалі Буш і Гор, і адзначалі памылкі, перабольшваньні і няслушнасьць некаторых заяваў. У іншай студыі ўжо чакала група выбаршчыкаў, якія ня вырашылі за каго галасаваць і цяпер адказвалі, як на іх паўплывалі дэбаты. Затым сваю думку выказвалі вядучыя палітычныя камэнтатары, экспэрты і палітыкі. Кожнае слова, заява, інтанацыя і нават рух па пляцоўцы кандыдатаў у прэзыдэнты прыдзірліва ацэньвалася – ў Белы Дом дзьверы ні перад кім не адкрываюцца аўтаматычна.

Роля журналістаў у выбарчай кампаніі рэзка ўзрасла у апошні тыдзень – сэнсацыяй стала телеперадача пра тое, што губэранатар Буш быў затрыманы і аштрафаваны паліцыяй за язду ў нецьвярозыым стане – 24 гады таму – і не паведаміў пра гэта раней сам.

Як ўплывае такая інфармацыя на паводзіны выбаршчыкаў, што прыходзяць сёньня на выбарчыя ўчасткі, стане вядома ўжо гэтай ноччу.

У розных амэрыканскіх штатах галасуюць па-рознаму. У Пэнсыльваніі выбаршчыкі галасавалі рычагом – у кабіне іх столькі, колькі кандыдатаў, адзін агульнапартыйны – можна адразу прагаласаваць за кандыдатаў адной партыі, калі нехта не падабаецца, можна ўручную павярнуць іх назад.

У Каліфорніі бюлетэнь уяўляе сабой кардонную картку памерам 20 на 8 см., разгалінаваную на пранумараваныя квадрацікі. Тут практыкуюць кампостэрнае галасаваньне – прабіваюць дзірку ў квадраціку. Калі раптам памылка ці картка парвалася, яе можна замяніць.

У Амэрыцы няма паняцьця мінімальнай яўкі выбаршчыкаў – усе справы вырашаюць тыя, хто зацікаўлены іх вырашаць і зарэгістраваўся ў якасьці выбаршчыка. Толькі 600 студэнтаў у Стэнфардзе галасуюць сёньня. Большасьць амэрыканскай моладзі ігнаруе палітыку – толькі адзін з кожных трох маладых амэрыканцаў галасаваў на выбарах 1996 году, амэрыканцы ва ўзросьце 18-25 гадоў зьвяртаюць на нацыянальныя палітычныя справы ўтрая менш увагі за старэйшых. Папуплярны маладзёвы часопіс Experience (www/experience.com), адрасаваны маладым пррафэсіяналам, лічыць што хаця моладзь не галасуе, гэта не азначае, што яна абыякавая – сёньня дабрачыннай працай займаюцца на 16% больш маладых людзей, чым дзесяць гадоў таму.

Прычына – выдатны эканамічны стан краіны, рэкордна нізкае беспрацоўе, адсутнасьць зьнешнепалітычных крызысаў ці войнаў. Цэнтральныя тэмы сёньняшніх выбараў – пэнсійнае забесьпячэньне, рэформа школы, ахова здароўя, – натуральна, менш цікавяць маладых.

Сёлета у Амэрыцы дзевяць афіцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, але толькі два рэальныя прэтэндэнты – і шанцы Гора і Буша, паводле апытаньняў, выглядаюць як фактычна роўныя. Таму да апошняй гадзіны ішла агітацыя за яўку выбаршчыкаў, значэньне мае кожны голас. Апошняя абвестка, якую я атрымаў па электроннай пошце, паведамляе: з прычыны нашмат большай, чым чакалася, яўкі выбаршчыкаў і нястачы месца, просім толькі рэспубліканцаў прыходзіць галасаваць 7 лістапада, а дэмакратаў – на наступны дзень. Праз хвіліну быў нанесены ўдар у адказ – з адваротным раскладам. Кожны выбірае свае жарты.

Выбары ў Амэрыцы – далёка ня жарты. Дэмакратыя пры блізкім поглядзе даволі працаёмістая і канкрэтная справа. Каліфарнійцы сёньня ня толькі абіраюць прэзыдэнта, але і сэнатараў, кангрэсмэнаў, судзьдзяў, сябраў розных камісіяў – усяго 12 асобаў з 38 прэтэндэнтаў.

У штаце Мэйн сёньня вырашаюць ці дазволіць эўтаназію, а на Алясцы – марыхуану, а ў суседнім са Стэнфардам мястэчку Санівэйл – ці праводзіць флюярызацыю пітной вады. У Каліфорніі праходзіць таксама рэфэрэндум ці, дакладней, некалькі рэфэрэндумаў. Выбаршчыкі павінны ўхваліць ці адхіліць восем заканадаўчых прапановаў, якія будуць законамі штату, праводзяцца таксама лякальныя рэфэрэндумы – тут і выпуск каштоўных папераў для будаўніцтва дамоў ветэранаў, і абмежаваньне грашовых ахвяраваньняў на палітычныя партыі і кандыдатаў, і прапанова выкарыстоўваць прыватныя кампаніі для будаўніцтва грамадзкіх аб’ектаў, перамены ў барацьбе з наркотыкамі, зьмены ў канстытуцыю штата ў справе падаткаў. Бурную палеміку выклікае, напрыклад, увядзеньне школьных ваўчараў – гэта калі бацькі будуць атрымліваць 4000 даляраў і самі вырашаць, у якую школу аддаць дзіця і грошы

Увядзеньне школьнага ваўчара можа каштаваць падаткаплацельшчыкам ад 0 да 1 мільярда ста мільёнаў штогод ці, наадварот, даць 3 млрд эканоміі – у залежнасьці ад таго, колькі дзяцей пяройдуць з публічных у прыватныя школы.

Гэтыя зьвесткі можа знайсьці на 100 старонках афіцыйнай брашуры, якую выбаршчыкі атрымалі напярэдадні, мностве абвестак, улётак, іншых прапагандысцкіх ды інфармацыйных матэрыялах. Тут у архівах Гувэраўскага інстытуту захоўваюцца матэрыялы прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году ў Беларусі. Ёсьць цэлая тэчка матэрыялаў графа Прушынскага, праграмы кандыдатаў, улёткі Зянона Пазьняка. Адну зь іх я ўпершыню пабачыў толькі ў Каліфорніі – яна выпушчаная па-руску і называеца “Чаго Зянон ня будзе рабіць” – ня будзе разганяць калгасы, ня будзе нікого высяляць зь Беларусі, ваяваць з суседзямі, разрываць эканамічныя сувязі з Расеяй – але першым стаіць абяцаньне нікога сілком не прымушаць гаварыць па-беларуску.

У архіве ёсьць і паэма Ведзьмака Лысагорскага “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт”, дзе згадваецца афіцыйны візыт у Сярэднюю Азію:

“Ён не вучыў узьбецкай мовы,
Яна ж ня з тых “вялікіх двух”,
Яе ня ведаюць каровы,
Не карыстаецца пастух”.

Дарэчы, пра каліфарнійскі дапаможнік выбаршчыка на 100 старонках – у суседнім штаце Нэвада ён удвая меншы. Прычына – у Каліфорніі дзьве афіцыйныя мовы, таму тэкст надрукаваны па-ангельску і па-гішпанску. Можна таксама атрымаць матэрыялы па-японску і па-кітайску. Сёлета ў верасьні белае насельніцтва Каліфорніі ўпершыню аказалася ў меншасьці – выхадцы з Азіі, Мэксыкі, Ціхаакаіянскіх астравоў складаюць ўжо большую палову каліфарнійцаў.

Ідэя ўлёткі Зянона Пазьняка – галасаваць за Беларусь можна на ўсіх мовах. Так сёньня галасуюць за Каліфорнію.

Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG