Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьнік у камандзіроўцы


25 студзеня 1983 у Балівіі быў арыштаваны Кляўс Альтман, сямідзесяцігадовы стары са зьнешнасьцю доктара філязофскіх навук і сківіцай капітана дальняга плаваньня. Ніякім філёзафам ён, вядома, ня быў, а вось адно дальняе плаваньне яму калісьці сапраўды перажыць давялося: у 1951 годзе былы гаўптштурмфюрэр СС Кляўс Барбі, ратуючыся ад немінучай расплаты, эміграваў у Лацінскую Амэрыку, дзе працягваў працаваць па спэцыяльнасьці — дапамагаў балівійскім дыктатарам мучыць народ і змагаўся з партызанамі. Пры ягоным удзеле быў забіты Чэ Гевара — задоўга да таго, як гэта зрабіла масавая культура.

Спэцыяльнасьцю забіваць і мучыць Кляўс авалодаў падчас вайны, практыкуючыся пераважна на французах. У Ліёне і ваколіцах добра запомнілі «мясьніка», адказнага за масавыя расстрэлы і катаваньні, якія Кляўс праводзіў з імпэтам сапраўднага энтузіяста сваёй справы. Мянушкай «Мясьнік» Барбі вельмі ганарыўся і шчыра не разумеў, што ў ёй кепскага. «Гэта была мая работа» — вось і ўсё, што можна было прачытаць на ягоным твары зь філязофскім ілбом і капітанскай сківіцай падчас суду, які прысудзіў Барбі пажыцьцёвае зьняволеньне.

Помста шмат разоў падбіралася да грамадзяніна Альтмана ўсутыч. У Ліёне яму прысудзілі сьмерць яшчэ ў пяцідзясятых. Сьляды нацыста ў Балівіі знайшлі францускія паляўнічыя на нацыстаў, журналісцкае сужонства Клярсфэльд. Яго спрабавалі выкрасьці францускія і нямецкія рэвалюцыянэры. Ягонай выдачы дабіваліся з пачатку сямідзясятых гадоў. Але ў божанькі былі свае пляны. Толькі нейкімі інтрыгамі нябеснай бюракратыі можна патлумачыць той факт, што расплата для Барбі прыйшла абходнымі шляхамі: папяровымі мастамі і чарнільнымі рэкамі, а не прыляцела на самалёце, як, напрыклад, гэта здарылася з Айхманам. Спадар Мясьнік проста зрабіўся для балівійскай улады праблемай, і яна ўрэшце плюнула і выдала Барбі Францыі. Бо толку ад пэнсіянэра Альтмана ўжо ніякага не было, толькі блытаўся пад нагамі.

У Савецкім Саюзе Барбі называлі чамусьці на францускі манер: Барб’е — быццам кроў ягоных ахвяраў легла незмывальнаю ганьбай і на імя гаўптштурмфюрэра. Пра яго шмат пісалі ў газэтах і расказвалі па тэлевізары, а паколькі ў сярэдзіне васьмідзясятых я быў уважлівым гледачом «Міжнароднай панарамы», дык мяне прызначылі ў клясе палітінфарматарам. Адна зь першых такіх палітінфармацыяў і была прысьвечаная Барб’е. Аднаклясьнікам было цікава — і ніхто не разумеў, чаму ліёнскага Мясьніка не павесілі. Пашкадавалі нацыста...

У 1991-м Кляўс Барбі мірна сканаў у шпіталі ліёнскай турмы. З пачуцьцём добра выкананай справы, трэба думаць. Хочацца верыць, што часам помста зазірала ў ягонае закратаванае акенца. Што яму сьніліся прынамсі кашмары. Што яму балела хаця б напалову так, як яго ахвярам. Хочацца дажыць да таго дня, калі ўсе цяперашнія дробныя беларускія Кляўсы паўстануць перад судом. Але да іхнага мірнага скону ў шпіталі — чамусьці не. Падсьвядомасьць патрабуе іншага сцэнару.

Такія вось мы крыважэрныя істоты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG