Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты ўкрыжаванага


9 студзеня 1889 году сябры і знаёмыя Фрыдрыха Ніцшэ амаль адначасова атрымалі ад яго лісты, зь якіх недвухсэнсоўна вынікала, што іхны добры філёзаф канчаткова звар’яцеў.

Ганс Ольдэ. Фрыдрых Ніцшэ
Ганс Ольдэ. Фрыдрых Ніцшэ
Праўда, гэта для іх, нармальных, усё выглядала так недвухсэнсоўна. Чытаючы тыя лісты, нічога асаблівага не заўважаеш. Трохі больш, чым звычайна, паэтычнага свавольства — але збольшага цалкам прыстойная пошта. Сэнсаў у якой можа быць два, а можа тры; а можа і зусім ня быць. Як і ў самой філязофіі, калі яна паварочваецца да зямлі сваім цёмным бокам. Але сябры на тое і сябры, каб ставіць дыягназ на адлегласьці.

«Я Фэрдынанд Лесэпс... я Прадо, я Шамбіж, за гэтую восень мяне пахавалі двойчы...», — напісаў Ніцшэ аднаму сябру ў Базэль. Намякаючы на тое, што ён і ёсьць двума парыскімі забойцамі, пра якіх тады пісалі ўсе газэты. Два ў адным.

«Дружа Георг, з тае пары, як ты адкрыў мяне, цяпер ня дзіва знайсьці мяне, значна цяжэй цяпер згубіць мяне...»

Гэта зь ліста Брандэсу. А Пэтэру Гасту Ніцшэ напісаў, каб ён прасьпяваў яму

«...новую песьню. І ўсе нябёсы цешацца».

Козіме Вагнэр, жонцы знакамітага кампазытара, Ніцшэ адаслаў прызнаньне ў каханьні. Прыкмета вар’яцтва, што й казаць...

Лісты былі падпісаныя так: «Укрыжаваны». Іхны адпраўнік жыў тады ў Турыне, куды не марудзячы выправіўся адзін зь сяброў. Ніцшэ граў Вагнэра локцем на піяніна і сьпяваў гімны Дыянісу. Сябра спыніў гэтыя пэрформансы, забраў аўтара ў Базэль і памясьціў у псыхіятрычны шпіталь. Празь дзесяць гадоў Укрыжаваны памёр у Ваймары. Перад сьмерцю ён часам нешта прыгадваў.

«Хіба я не напісаў цудоўных кніг?»

Напісаў, напісаў, супакойвалі яго. І ён замаўкаў.

Фрыдрых Ніцшэ за год да сьмерці
Фрыдрых Ніцшэ за год да сьмерці
«...Трэба», пачуліся галасы, «задушыць гэтае вучэньне і забіць Заратуштру».
У сьвеце няма ніводнай душы, якая любіла б мяне — дык як я магу любіць жыцьцё?»...


Фрыдрых Ніцшэ — чалавек, якога пры жыцьці не зразумелі, а пасьля сьмерці зразумелі няправільна.

Грамадзтва хоча ад нас ня так ужо й шмат. Галоўнае — гэта ня граць на піяніна локцем, не сьпяваць у не прызначаны для сьпеваў час і не дасылаць сумнеўных лістоў. І тады ўсё будзе добра. Канца сьвету не адбудзецца. Табе налічаць пэнсію. Паставяць на чаргу. Зробяць зьніжку. Адпусьцяць. Даруюць. Забудуць. Паміж «звыш» і «неда» ёсьць невялікі прагал. Калі там зьмясьцілася большасьць, то знойдзецца месца і для цябе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG