Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад драўлянага Гомеля застануцца толькі фота ды аканіцы


Ад драўлянага Гомеля застануцца толькі фота ды аканіцы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:04 0:00
Наўпроставы лінк

У лісьце да актывістаў моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака» і мясцовага Таварыства беларускай мовы першы намесьнік старшыні гарвыканкаму Анатоль Чысьцік паведамляе, што гарадзкія ўлады ня бачаць неабходнасьці ў захаваньні драўляных будынкаў. Аднак такі падыход неабыякавых гараджанаў не задавальняе.

Гаворыць намесьніца кіраўніка гомельскай «Талакі» Марыся Тульжанкова:

«Насамрэч, адказ ні пра што. З самага пачатку мы прасілі — захавайце дамы. Нам кажуць — мы ня можам іх захаваць з-за старызны. Але мы прапануем зрабіць дакладную фотафіксацыю і захаваць элемэнты дэкору ў гарадзкім музэі. Мы прыходзім у гарадзкі музэй і запытваем: вы захавалі? Нам адказваюць: не, бо мы не былі папярэджаны. Мы пішам зварот у гарвыканкам: чаму не папярэдзілі? І тут нам прыходзіць адказ, што нібыта было рашэньне пра захаваньне і музэй абавязалі захаваць. І нібыта гэтыя элемэнты захаваны ў музэі, але зь іншых вуліц. Ну гэта сьмешна».

Булавінская, Тульжанкова, Камандзірчык
Булавінская, Тульжанкова, Камандзірчык


У музэі гісторыі гораду ёсьць разьбяное аздабленьне вакна з вуліцы Палескай А пра фотафіксацыю дамоў з Валатаўской і нібыта захаваныя элемэнты драўлянага дэкору тут нічога ня ведаюць:

«Ня ў нас. Да нас яны яшчэ не дайшлі. Спытайце ў таго, хто вам пісаў, — ён скажа, каму перадалі».

Разьбяны дэкор вакна ў музэі
Разьбяны дэкор вакна ў музэі


Сябра таварыства Беларускай мовы спадар Алесь зьдзіўлены цяперашнім стаўленьнем гарадзкіх уладаў да помнікаў драўлянай архітэктуры Гомеля, якія вызначалі аблічча горада на пачатку ХХ стагодзьдзя:

«Гарадзкія ўлады прызнаюць, што гэтыя драўляныя дамы маюць каштоўнасьць. Але кажуць, што на сёньняшні дзень іх захаваньне немагчыма зь фінансавых прычынаў. Выйсьце яны знайшлі адно — сфатаграфаваць будынкі і правесьці замеры. Калі мы зараз іх зруйнуем, а пасьля будзем аднаўляць па фотаздымках, то гэта, на мой погляд, неразумна. Пакуль ёсьць магчымасьць захаваць, трэба захоўваць тое, што ёсьць, а не проста фіксаваць»

За апошні час у Гомелі ня стала многіх каштоўных дамоў па вуліцах Барыкіна, Пляханава, Парыжскай камуны. Драўляныя дамы ідуць пад знос і на вуліцы Валатаўской. У прыватнасьці, зруйнаваны нядаўна з падмуркам дом № 23, які нават гарадзкія архітэктары прызнавалі помнікам драўлянага дойліцтва. Бульдозэры ўшчыльную наблізіліся да дома № 17. І гэта, нягледзячы на лістападаўскае папярэджаньне гарвыканкаму з боку Міністэрства культуры пра тое, што паводле закону драўляныя дамы да вызначэньня іх статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці падлягаюць ахове. Менавіта такое папярэджаньне было даслана ў Гомельскі гарвыканкам з міністэрства 27 лістапада.

Вуліца Валатаўская
Вуліца Валатаўская


Няпэўным выглядае пакуль й лёс дому № 22 на процілеглым баку Валатаўской. Ягоны гаспадар, былы будаўнік Барыс Марголін засмучаны лёсам узораў драўлянага дойліцтва:

«Тыя, хто гэтага не разумее, што гэта гісторыя наша, што яе трэба захаваць, мне іх проста шкада. Трэба гістарычную спадчыну захаваць. Магчыма, замяніць некалькі вянкоў. Ёсьць спосабы нарасьціць вянцы, калі гэта патрабуецца. Калі па-гаспадарску, то трэба аддаць іх людзям зацікаўленым».

Да патрабаваньня захаваць нашчадкам драўляны Гомель зь ініцыятывы моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака» й мясцовага Таварыства беларускай мовы далучыліся каля двух дзясяткаў грамадзкіх арганізацыяў гораду. Яны выступаюць за стварэньне музэю драўлянага дойліцтва пад адкрытым небам, які не заменяць ніякія фотафіксацыі і замеры.

Вуліца Валатаўская руйнуецца
Вуліца Валатаўская руйнуецца
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG