Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лесе нарадзілася елачка — коштам 5 мільёнаў


У Гомелі ў людных месцах у гэтыя пераднавагоднія дні ладзяць ёлачныя кірмашы. Жывых лясных прыгажунь прадаюць ня толькі лясгасы, але й прыватнікі, афіцыйныя й неафіцыйныя. І каштуюць ялінкі зусім ня танна — ад 50 да 600 тысяч рублёў.

На Давыдаўскім рынку сёньня ў першай палове дня прапаноўвалі жывыя елачкі толькі прыватнікі. Гараджанін Аляксандар кажа, што продаж навагодніх ялінак — гэта ягоная двухтыднёвая падпрацоўка як фізычнай асобы. І прадае ён сёлета толькі маладыя сасонкі. Чаму — патлумачыў гэтак:

«За елкамі далёка ехаць, і гэта накладна. У мяне маленькая машына — на ёй толькі кілямэтры матаеш. Нявыгадна. І асабліва цяжка, калі сьнегу шмат. А так, у прынцыпе, дзялянку вызначаюць, прыязджаеш на месцы аплачваеш. Даюць лесьніка, ён прыязджае з табою і паказвае. Але ж сам ён не дапамагае. Даводзіцца ў сьнезе па пояс хадзіць і самому выбіраць».

Аляксандар
Аляксандар


Дробныя сасонкі ў прадпрымальніка па 20-25 тысяч рублёў. А тыя, што ў рост чалавека — па 100-120 тысяч. У іншых прадпрымальнікаў, што гандлююць елачкамі, цэны больш высокія. І гэта крыху бянтэжыць пакупнікоў.

Гаворыць гараджанка Валянціна: «Прыйшлі... Але вельмі кусаюцца кошты. 250, 200 тысяч добрая ёлка. Хіба ж магчымая такая нерэальная цана? Крыўдна».

Муж спадарыні Валянціны дадае: «Хто працуе й атрымлівае 6-8 лімонаў (мільёнаў), таму нічога. А вось для нас, хто мае 2 лімоны пэнсіі, гэта зашмат».

Давыдаўскі рынак
Давыдаўскі рынак


Маладая дзяўчына кажа, што кошты на ёлкі сёлета проста невыносныя: «На ёлкі кошты проста шалёныя. У мясцовай газэце адно напісана: да мэтра — ад 20 да 40 тысяч, а прадаюць па іншых коштах. Усе хочуць „наварыць“. Паглядзіце, яна меншая, чым мэтар. Я за 50 тысяч купіла».

На Цэнтральным рынку прадпрымальніца Натальля прапануе гараджанам блакітныя елкі ў кадках:

«Жывыя ў кадках — 600 тысяч беларускіх рублёў. У кадцы елачку ўпрыгожылі, пасьля вынесьлі на вуліцу, пасадзілі — і яна жыве. Свая, жывая елачка».

Блакітныя ялінкі Натальлі
Блакітныя ялінкі Натальлі


Жанчына жыве ў прыватным сэктары абласнога цэнтру й адмыслова займаецца вырошчваньнем елак на прысядзібным участку. У гэтым ёй дапамагаюць Аліна й Ірына:

Ірына: «Гэта Новы год, гэта елка, сьвята. Трэба займацца елкамі. Гандляваць імі прыемна».

Такой жа пазыцыі трымаецца й прадпрымальнік Юры з Добрушу, які таксама вырошчвае елкі ў сябе на прысядзібным участку і мае з гэтага свой бізнэс:

«Елкі перад Новым годам запатрабаваныя. Але елка павінна быць якаснай. Тыя ялінкі, якія прывозіць лясгас, — гэта адзін ствалок і макаўка, хаця кошт за іх 25-50 тысяч рублёў. Нармальную елку можна купіць у прадпрымальніка альбо ў таго, хто вырасьціў на сваім падворку. Такая елка каштуе ад 100 да 300 тысяч. Елкі карыстаюцца попытам. Але для народу 200 тысяч — дарагавата».

Елачкі за 50 тысяч
Елачкі за 50 тысяч


Прадпрымальнік сьцьвяржае, што правярае свае ялінкі на радыяцыю й шмат не высякае, бо іх потым няма куды дзяваць.

На пераднавагоднім елачным гандалі жадаюць зарабіць і «ценевыя гандляры». Двое маладых хлапцоў прадаюць ялінкі па 15-20 тысяч у двары дома зь вялікіх валізаў. У ход ідуць і галінкі елак. Пучок зь дзьвюх альбо трох галінак — 10 тысяч рублёў.

Гандляваць елкамі ў радасьць
Гандляваць елкамі ў радасьць


У прадавачкі па Прывакзальным рынку пытаюся, а ці правераны яны на радыяцыю?

«У Бярозках радыяцыі, здаецца, няма».

Пераднавагодні ёлачны гандаль прымушае ўзмоцнена працаваць і службы аховы лясоў. У абласным лесагаспадарчым аб’яднаньні паведамілі, што два выпадкі браканьерства выяўлены за апошні тыдзень — у Мазырскім і Буда-Кашалёўскім раёнах.

Спэцыяліст аддзела аховы й абароны лесу ўдакладняе, што аматараў паляваньня за жывымі елачкамі чакае незайздросная судовая пэрспэктыва:

«Елка навагодняя — і ўсё. І ня важна, якую ты зьсёк — малую ці вялікую. Калі гэта лес першай групы, які ўздоўж дарог расьце, альбо калі мы пасадзілі ахоўны ўчастак — штраф ад 500 тысяч да 5 мільёнаў. І плюс 100 тысяч за саму ялінку».

Калі ж выявіцца, што елачка высечана ў радыяцыйнай зоне, то чалавек атрымае яшчэ й пакараньне за парушэньне рэжыму зоны адчужэньня.

Гандаль у двары
Гандаль у двары
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG