Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскія татары разагналі выставу пра Сталіна


21 сьнежня ў Сымфэропалі група крымскіх татараў разагнала выставу, прысьвечаную 133-годзьдзю зь дня нараджэньня Сталіна.

Стэнды ў цэнтры Сымфэропаля выставілі асобы, якія назваліся прадстаўнікамі расейскай грамадзкай арганізацыі «Сутнасьць часу — Крым».

На выставе былі прадстаўлены фатаграфіі палітычных дзеячаў 20-га стагодзьдзя з хвалебнымі цытатамі пра Сталіна, афіцыйныя фатаграфіі сталінскага пэрыяду, а таксама раздаваліся ўлёткі з заклікам «разабрацца ў гісторыі і аддаць належнае такой маштабнай гістарычнай асобе як Сталін».



Прадстаўнікі арганізатараў заявілі, што лічаць дэпартацыю крымскататарскага народу ў 1944 годзе на загад старшыні Дзяржаўнага камітэту абароны СССР Сталіна «найвялікшым актам гуманізму».

Праз гадзіну пасьля адкрыцьця выставы на месца яе правядзеньня прыйшла група людзей, сярод якіх былі кіраўнік Сакратарыяту Меджліса (прадстаўнічага органа крымскіх татараў) Заір Сьмедляеў і кіраўнік аддзелу зьнешніх сувязяў Меджліса Алі Хамзін. Яны заклікалі арганізатараў прыбраць выставу, аргумэнтуючы гэта тым, што Сталін ва Украіне прызнаны судом вінаватым у гібелі мільёнаў людзей, і асабіста аддаў загад аб дэпартацыі крымскіх татараў, што таксама прызнана злачынным.



Пасьля адмовы арганізатараў гэта зрабіць, актывісты Меджліса перакулілі стэнды з цытатамі і малюнкамі Сталіна, не закранаючы фотаматэрыялы выставы «20 гадоў бяз СССР». Шэраг прысутных таксама далучыўся да дэмантажу выставы і намалявалі фарбай на зьнесеных стэндах нацысцкую свастыку. «Для нас Сталін і Гітлер аднолькавыя!», — заявілі прадстаўнікі Меджліса.

Некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія прысутнічалі пры правядзеньні акцыі, у канфлікт ня ўмешваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG