Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Опэра Ларысы Сімаковіч «Люцыян Таполя» на сцэне філярмоніі


«Люцыяна Таполю» — клясычны твор Максіма Танка — перастварыла ў ронда-опэру кампазытарка Ларыса Сімаковіч. Прэм’ера — сёньня ўвечары ў вялікай канцэртнай залі Белдзяржфілярмоніі.

Гэта чарговая праца кампазытара, балетмайстра, мастацкага кіраўніка фальклёрнага тэатру «Госьціца», танцоркі, сьпявачкі Ларысы Сімаковіч.

«Творцы патрэбныя краіне. Каб стваралі Цуды. Каб будавалі Вежы. Каб хацелі жыць дзеля Айчыны. Каб іх можна было выганяць з краіны і зьнішчаць іх творы. Каб яны, нягледзячы ні на што, вярталіся на радзіму і будавалі новыя Вежы і стваралі новыя Цуды», — так пішуць аўтары спэктаклю ў анонсе.

Супрацоўніцтва Ларысы Сімаковіч з аркестрам Жыновіча ўжо даўняе, — кажа дырэктар аркестру імя Жыновіча Барыс Ліўшыц. Гэтая прэм’ера — у гонар 100-годзьдзя з дня нараджэньня Максіма Танка.

Нягледзячы на сучаснае ўвасабленьне, «Люцыян Таполя» застаўся клясычным творам. «Але ж мастак і ўлада — гэта вечная тэма, — перакананы Барыс Ліўшыц. — Безумоўна, гэта і зараз цікава і сучасна».

«Люцыян Таполя» — гэта твор, роўны па значнасьці «Тылю Ўленшпігелю» дэ Кастэра і раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Караткевіча, — сьцьвярджае галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко. Ён перакананы, што пастаноўка на тэму свабоды творчасьці і свабоды чалавека заўжды цікавая.

«Трэба памятаць, што гэты твор быў напісаны Танкам пасьля вайны ва ўмовах вельмі жорсткага ціску, — распавядае Андрэй Скурко. — Вазілі яго тады па начах гуляць у більярд з Цанавам. Ён ніколі ня ведаў, ці паедзе ён адтуль дахаты, ці паедзе ў турму, на новы этап».

Цікава, што Люцыян Таполя меў рэальнага прататыпа, — нагадвае Андрэй Скурко. — Гісторыя зь ім была не зусім такая, але чалавек такі існаваў. Быў ён, дарэчы, аднаго прозьвішча з паэтам.

«Люцыян Таполя» створаны ў адмысловым жанры — «ронда-опэра». Што гэта такое, можна патлумачыць, зьвярнуўшыся да значэньня слова «ронда» — «кола». Сімаковіч, кажа Ліўшыц, увесь час вяртаецца ў сваім спэктаклі да адных і тых жа тэмаў, нібыта па коле. Так мастацкі прыём даў назву жанру.

У спэктаклі бяруць удзел аркестар імя Жыновіча, харавая капэла імя Шырмы, фальклёр-тэатар «Госьціца», выканаўцы Ян Жанчак, Дыяна Трыфанава, Ігар Задарожны. Сама Ларыса Сімаковіч выконвае ролю Праўды.

Сёньняшняя прэм’ера — канцэртнае выкананьне. «Пра пастаноўку яшчэ размова не ідзе, гэта справа будучыні, — распавядае Барыс Ліўшыц. — Паставіць опэру ва ўмовах філярмоніі — гэта ня так проста».

Барыс Ліўшыц спадзяецца, што пастаноўка адбудзецца і спэктакль зойме месца ў афішы філярмоніі. «Мы заўжды ставім перад сабою такую мэту. Так было з „Апокрыфам“ паводле Багдановіча, так было зь „Песьняй пра долю“ Мулявіна і з „Гусьляром“ Ігара Лучанка». Ва ўсіх гэтых спэктаклях брала ўдзел Ларыса Сімаковіч. «Песьню пра долю» можна будзе паглядзець ужо 12 студзеня — у дзень нараджэньня Ўладзімера Мулявіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG