Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра беларускіх палітвязьняў зноў гавораць у Брусэлі


Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна знаходзяцца зь візытам у Брусэлі.

Яны плянуюць правесьці шэраг сустрэч, у тым ліку з прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Марцінам Шульцам і эўракамісарам Штэфанам Фюле.

Візыт арганізаваны Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека. Яе прадстаўніца Аляксандра Кулаева распавяла карэспандэнту «Свабоды», што праграма вельмі насычаная. Ужо сёньня пачаліся сустрэчы — як з прадстаўнікамі Эўрапарлямэнту, так і з прадстаўнікамі Эўрапейскай камісіі, якія займаюцца беларускай праблематыкай:

«Мы, са свайго боку, хацелі ўзьняць пытаньні, якія застаюцца балючымі. Такія, як становішча палітычных зьняволеных, умовы зьняволеньня якіх па-ранейшаму вельмі жорсткія, для некаторых нават пагаршаюцца. Запатрабаваць, як і раней, неадкладнага іх вызваленьня. І таксама ўзьняць пытаньне пра сытуацыю зь перасьледам журналістаў, справу Андрэя Пачобута і іншых. І абмеркаваць з эўрапейскімі калегамі, якія могуць быць далейшыя крокі і супрацоўніцтва. Цікавасьць да сустрэчаў вялікая. І мы спадзяемся, што гэтыя сустрэчы будуць карысныя ня толькі нам, але і тым дыпляматам, зь якімі мы тут сустракаемся».

Візыт працягнецца некалькі дзён. Прадстаўнікі Беларусі возьмуць удзел у міжнародным форуме няўрадавых арганізацыяў розных краін, які арганізуе Эўразьвяз. Паводле Аляксандры Кулаевай, падчас сустрэчаў будзе ўздымацца і пытаньне вызваленьня Алеся Бяляцкага:

Аляксандра Кулаева
Аляксандра Кулаева
«Безумоўна, становішча палітвязьняў — адна з галоўных тэмаў нашых дыскусіяў. І тых, хто ўжо ў зьняволеньні — умовы іх зьняволеньня, пераводу з аднаго рэжыму ўтрыманьня на другі — і тых, хто пад непасрэднай пагрозай палітычнага перасьледу. Безумоўна, усе гэтыя тэмы мы ўздымаем на самым высокім узроўні».

У эўрапейскіх палітыкаў ёсьць цікавасьць да праблемаў, якія ўздымаюць беларускія праваабаронцы, адзначыў Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Але складана сказаць пра магчымасьці вырашэньня ўсіх гэтых складаных праблемаў. Бо праваабаронцы — не дыпляматы, мы ня можам сказаць, што і як рабіць. Але мы падкрэсьліваем, што для нас гэта прынцыповае пытаньне. Перадумова для нейкіх іншых рухаў ЭЗ у стасунках зь Беларусьсю — гэта пытаньне палітвязьняў. Наша мэта — данесьці апошнюю інфармацыю адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і найперш пра сытуацыю з палітвязьнямі. Бо гэта прыярытэтна для беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Наша задача — данесьці гэтую інфармацыю да структураў ЭЗ і адзначыць, што для нас гэта прынцыповае пытаньне — вызваленьне палітвязьняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG