Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску разьвіталіся зь Юрасём Сьцяпанавым


Юрась Сьцяпанаў
Юрась Сьцяпанаў

Журналіст, які супрацоўнічаў зь Беларускай службай Польскага радыё і мясцовымі незалежнымі выданьнямі, памёр 27 лістапада. Яму было толькі 45 гадоў.

29 лістапада яго пахавалі на могілках у вёсцы Стрыганцы Віцебскага раёну.

У Стрыганцах пахаваныя сваякі сям’і Сьцяпанавых, і родныя вырашылі, што гэта будзе найлепшым месцам апошняга спачыну для мужа, брата, бацькі...

Праводзіць Юрася Сьцяпанава ў апошні шлях прыйшлі прадстаўнікі віцебскай дэмакратычнай грамадзкасьці — каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец, старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў, найстарэйшыя віцебскія апазыцыянэры Антаніна Піванос і Барыс Хамайда. Прыйшлі і калегі — з рэдакцыі газэты «Витебский курьер», зь іншых незалежных выданьняў.

Актывісты ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», сябрам якога Юрась Сьцяпанаў быў не адзін дзясятак гадоў, прынесьлі жалобны вянок зь белымі і чырвонымі кветкамі. Гэтаксама зь белымі і чырвонымі кветкамі прыйшлі праводзіць Юрася ягоныя сябры, знаёмыя, аднадумцы.

У апошнія хвіліны разьвітаньня каля труны жонка Юрася, Сьвятлана Сьцяпанава згадвала, што за дзень да сьмерці ён ужо пачуваўся кепска. Але не хацеў выклікаць лекараў і катэгарычна адмаўляўся класьціся ў шпіталь, бо непакоіўся за сваю працу — у мінулую сераду павінна была выйсьці чарговая ягоная праграма на Польскім радыё для замежжа.

Але ў эфіры яна так і не прагучала. На «хуткай дапамозе» Юрася ўсё ж адвезьлі ў шпіталь, але ўратаваць яго не ўдалося. Юрась Сьцяпанаў памёр раніцай 27 лістапада ад інсульту.

У яго засталіся двое дзяцей — шасьцігадовы сын Антон і двухгадовая дачка Каця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG