Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адчынілася выстава Міколы Купавы


Мікола Купава
Мікола Купава
У прыватнай галерэі «Сьцяна» адбылося адкрыцьцё экспазыцыі мастацкіх твораў Міколы Купавы. Выставу мастак прысьвяціў селетнім 130-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама дню народзінаў Уладзімера Караткевіча, разьмясьціўшы ў асобнай залі свае ілюстрацыі да кнігі казак «Лебядзіны скіт».

Перад адкрыцьцём выставы Мікола Купава ўсклаў кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу. А потым, на пачатку імпрэзы ў галерэі, нагадаў прысутным, што ён таксама, як і славуты пісьменьнік, нарадзіўся ў Воршы.

У адкрыцьці выставы ўзяў удзел і яшчэ адзін аршанец — бард Андрэй Мельнікаў, які выканаў для прысутных некалькі песень, у тым ліку на вершы Ўладзімера Караткевіча.
Сьпявае Андрэй Мельнікаў
Сьпявае Андрэй Мельнікаў

Правёўшы наведнікаў па трох залях галерэі «Сьцяна», Мікола Купава абвясьціў, што ўсе творы, прысьвечаныя юбілеям Купалы і Коласа, прадаюцца. Усе атрыманыя ад продажу карцін сродкі мастак вырашыў перадаць на рэстаўрацыю кляштара базыльянаў у Воршы — помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя, як знаходзіцца ў бядотным стане.

Пасьля адкрыцьця выставы ахвотныя накіраваліся да помніка Караткевічу.

Там сабраліся прадстаўнікі апазыцыйных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў, каб супольна ўскласьці кветкі ды запаліць сьвечкі. У многіх на грудзёх былі прышпілены бел-чырвона-белыя стужкі. За тым, што адбывалася каля помніка, сачылі міліцыянты ў цывільным. Урэшце адзін з супрацоўнікаў заявіў, што адбываецца несанкцыянаванае мерапрыемства. Каб абышлося без затрыманьняў і судоў, было вырашана разысьціся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG