Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет рыхтуе беларусам візавы сюрпрыз


Трапіць да пірамідаў стане складаней
Трапіць да пірамідаў стане складаней

Падарожжа ў Эгіпет можа стаць гэткай жа праблемай, як у краіны Эўразьвязу. Прычына — візы, якія ўлады гэтай афрыканскай краіны неўзабаве перастануць выдаваць у аэрапорце.

Расейскія турапэратары, празь якіх беларускія фірмы-агенты працуюць з Эгіптам, даслалі папераджальныя лісты, у якіх паведамляецца: «Ад 1 сьнежня грамадзянам Беларусі, якія прыбываюць у Эгіпет з тэрыторыі Расеі, будзе неабходная віза».

Да гэтага часу беларускія турысты, гэтаксама як і расейскія, атрымлівалі візу-марку за 15 даляраў проста ў аэрапорце. Дагэтуль невядома, ці распаўсюджваецца такое патрабаваньне для тых, хто вылятае на Чырвонае мора не з Расеі ці Ўкраіны, а з нацыянальнага аэрапорту «Менск». З улікам таго, што ў Беларусі няма дыппрадыстаўніцтва Эгіпту, турыстам давядзецца зьвяртацца па візавыя дакумэнты ў Маскву ці Кіеў. Нават пры пасярэдніцтве расейскіх кампаній, як лічаць у Менску, працэдура можа расьцягнуцца на тыдзень-паўтара.

Галоўны рэдактар газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік: «Ніякай пэўнасьці пакуль што няма. Пэўнасьць будзе, кажуць, заўтра. 27 лістапада ў кансуляце эгіпецкай амбасады ў Маскве з гэтай нагоды заплянаваная нарада, на якую запрошаныя і расейскія апэратары — не сакрэт, што мы ў Эгіпет лятаем у бальшыні сваёй праз расейскіх апэратараў (хоць нейкая частка прыпадае і на ўкраінскіх). А паколькі нашы фірмы — толькі агенты, то ў нас і няма ніякіх дакладных зьвестак. І эгіпецкай амбасады мы тут таксама ня маем, таму ўся інфармацыя ідзе з Масквы. Заўтра, як мне сказалі, будзе невялікае паседжаньне, на якім поўнасьцю паведамяць, што і як, адкуль увогуле ўсё гэта пачалося. Бо сам па сабе візавы рэжым — ён існуе, ён ёсьць. Але ён быў аблегчаны — у аэрапорце можна было атрымаць марку. Дарэчы, з цэлым шэрагам краінаў у нас існуе такая дамоўленасьць. Але хто і як прыняў рашэньне, зь якіх менавіта партоў мы больш ня зможам вылятаць і заяжджаць у Эгіпет бяз гэтай візы — абсалютна цьмяная сытуацыя».

У 2011 годзе на эгіпецкіх курортах адпачылі больш за 30 тысяч беларусаў. Разам з Турэччынай гэты турыстычны кірунак ужо некалькі гадоў запар застаецца самым прывабным у беларусаў, калі не лічыць Крыму. Не паўплывалі на турыстычную актыўнасьць і леташнія хваляваньні, зьвязаныя з «арабскай вясной».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG