Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямашка зноў загаварыў пра вэнэсуэльскую нафту


Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што калі Расея не пагодзіцца на пастаўку 23 млн тон нафты ў наступным годзе, то беларускі бок можа аднавіць нафтавыя пастаўкі па своп-кантрактах паміж Беларусьсю, Азэрбайджанам і Вэнэсуэлай.

«Схема лягістычна адпрацаваная», — адзначыў ён у інтэрвію парталу «Бізнэс-навіны». Паводле Сямашкі, сёньня ва ўкраінскім трубаправодзе «Адэса — Броды» «знаходзіцца не расейская Urals, а азербайджанская Azeri Light. «Таму ўсё магчыма», — сказаў ён.

«Але, шчыра кажучы, мы пра гэта пакуль ня думаем, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер. — Мы ўпэўненыя, што зможам дамовіцца са сваімі расейскімі партнэрамі».

Перамовы з Расеяй пра пастаўкі нафты ў Беларусь у 2013 годзе яшчэ не завершаныя.

Пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь былі спыненыя ў чэрвені гэтага году, бо з эканамічнага гледзішча гэты праект выявіўся цалкам стратным. Тады Сямашка сказаў, што Беларусі няма эканамічнага сэнсу далей імпартаваць нафту з Вэнэсуэлы. Беларусь пачала імпартаваць вэнэсуэльскую нафту ў 2010 годзе і перастала ў чэрвені 2012-га. Тады ўрад называў гэта сваім вялікім зьнешнеэканамічным посьпехам, хоць вэнэсуэльская нафта заўсёды была для Беларусі даражэйшая за расейскую.

Паміж Менскам і Баку таксама былі заключаныя пагадненьні пра пастаўкі азэрбайджанскай нафты ў Беларусь у абмен на вэнэсуэльскую нафту (своп-угода). Плянавалася, што аб’ём гэтых паставак на Мазырскі НПЗ у 2011 годзе складзе 4 млн тон. Але фактычна было пастаўлена каля 1 млн тон. У 2012 годзе азэрбайджанская нафта ў Беларусь не пастаўлялася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG