Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі зьбілі студэнтаў зь Емэну, Ярданіі і Палестыны


У гомельскім забаўляльным цэнтры «Эўропа» пабілі студэнтаў зь Емэну, Ярданіі і Палестыны.

Як апавёў БелаПАН студэнт Гомельскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту, грамадзянін Емэну Салах Махамэд 18 лістапада разам з братам (студэнтам падрыхтоўчага аддзяленьня) зайшоў у цэнтар «Эўропа», дзе ўбачыў, як чацьвёра хлопцаў славянскай зьнешнасьці білі дваіх студэнтаў зь Ярданіі і Палестыны.

«Яны толькі прыехалі вучыцца і яшчэ ня ведаюць расейскай мовы. Мясцовыя ж крычалі на іх і білі, прычым было відавочна, што ярданец і палестынец не разумеюць, чаго ад іх хочуць і што наогул адбываецца. Я з братам заступіўся за тых, каго зьбівалі», — адзначыў Салах.

Папрасіўшы хуліганаў ня біць хлопцаў і пакінуць іх у спакоі, Салах Махамэд сам атрымаў удар у твар.
Прыйшла ахова забаўляльнага цэнтру і папросту выкінулі нас, замежнікаў, за дзьверы, а мясцовых пакінулі ў забаўляльным цэнтры


«Тады ўжо пачалі біць і нас. Тут прыйшла ахова забаўляльнага цэнтру і папросту выкінулі нас, замежнікаў, за дзьверы, а мясцовых пакінулі ў забаўляльным цэнтры», — падкрэсьліў замежнік.

Паводле ягоных слоў, ён адразу ж зьвярнуўся ў міліцыю, напісаў заяву, зьняў пабоі. Яго абурылі таксама дзеяньні ахоўнікаў «Эўропы».

У Цэнтральным РАУС Гомеля, які праводзіць праверку па гэтым факце, пакуль камэнтароў не даюць.

У мінулым годзе пасьля бойкі, якая пачалася ў тым жа цэнтры «Эўропа» і працягнулася каля забаўляльнай установы, загінуў студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, грамадзянін Турцыі 1985 году нараджэньня. Бойка здарылася на дыскатэцы. У замежнага студэнта ўзьнік канфлікт з-за дзяўчыны зь іншым маладым чалавекам, грамадзянінам Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG