Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — самыя абыякавыя ў сьвеце


Паводле дасьледаваньня агенцтва Gallup, беларусы адчуваюць вельмі мала як станоўчых, так і адмоўных эмоцыяў. Інакш кажучы, ім усё абыякава.

Апытаньне, праведзенае ў больш як 150 краінах з 2009 па 2011 гады агенцтвам вывучэньня грамадзкай думкі Gallup дасьледавала, якія народы перажываюць штодня найбольш эмоцыяў. Дасьледчыкаў цікавілі як станоўчыя эмоцыі накшталт задавальненьня, усьмешак, сьмеху, радасьці ад вучобы або пазнаньня, паўнавартаснага адпачынку, так і адмоўныя — гнеў, стрэс, смутак, фізычны боль, заклапочанасьць, гаворыцца на сайце Gallup.

Беларусь па беднасьці эмоцыяў патрапіла ў адну групу як са сваімі калегамі па СНД — Расеяй, Украінай, Казахстанам, Кіргізіяй, так і з Мадагаскарам і адной з самых бедных і неразьвітых краін сьвету Нэпалам. Гэтая група заняла трэцяе месца сярод самых неэмацыйных краінаў: толькі 38% жыхароў заявілі пра тое, што яны адчуваюць штодня ня менш за дзесяць станоўчых і адмоўных эмоцый.

Другое месца было аддадзена Грузіі і Літве — там пра пачуцьці, якія цікавілі сацыёлягаў, паведамілі 37% рэспандэнтаў.

Сынгапурцы, нягледзячы на высокія эканамічныя дасягненьні і ВУП у памеры 33,5 тыс. даляраў на душу насельніцтва, не атрымліваюць асалоду ад росквіту краіны, а даволі скупа выказваюць свае эмоцыі. Іхны паказчык 36 % прызнаны сацыёлягамі самым нізкім у сьвеце.

Самая эмацыйная краіна, паводле апытаньня — даволі бедныя Філіпіны. Аб насычаным эмацыйным жыцьці паведамілі 60% апытаных жыхароў.

У ліку самых эмацыйных краін, акрамя Філіпін, фігуруюць Сальвадор (57% апытаных штодня адчуваюць розныя пачуцьці), Бахрэйн (56%), Аман і Калюмбія (па 55%). На пятым месцы з вынікам 54% — Чылі, Коста-Рыка, Канада, Гватэмала, Балівія, Эквадор, Дамініканская Рэспубліка, Пэру, Нікарагуа і ЗША.

Пра самую вялікую колькасьць перажытых людзьмі адмоўных эмоцый заявілі жыхары краін Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, Іраку, Бахрэйну і палестынскіх тэрыторый. Што ж тычыцца станоўчых эмоцый, то тут сусьветным лідэрам зьяўляецца Лацінская Амэрыка — радасьць і задавальненьне рэгулярна атрымліваюць грамадзяне Панамы, Парагваю і Вэнеэуэлы. Самымі ж здаволенымі жыцьцём лічаць сябе датчане.

Самыя бессардэчныя краіны

1. Сынгапур (36%)
2. Грузія, Літва (37%)
3. Беларусь, Расея, Мадагаскар, Украіна, Казахстан, Кіргізія, Нэпал (38%)

Самыя эмацыйныя краіны

1. Філіпіны (60%)
2. Сальвадор (57%)
3. Бахрэйн (56%)
4. Аман і Калюмбія (па 55%)
5. Чылі, Коста-Рыка, Канада, Гватэмала, Балівія, Эквадор, Дамініканская Рэспубліка, Пэру, Нікарагуа і ЗША (54%)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG