Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія ўлады: Мітынг апазыцыі — не! «Славянскі марш» — так


Магілёўскі гарвыканкам
Магілёўскі гарвыканкам

25 лістапада ў Магілёве адбудзецца «Славянскі марш». Дазвол на ягонае правядзеньне даў Магілёўскі гарвыканкам.

Ініцыятарам і заяўнікам акцыі выступіў жыхар абласнога цэнтру Дзьмітры Дзенісенка. Паводле Дзенісенкі мэта «Славянскага маршу» — падтрымка традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасьцяў, ідэі славянскага адзінства, нацыянальнай ды сацыяльнай справядлівасьці, а таксама супраць глябалізацыі.

За апошнія пяць гадоў магілёўскія ўлады не дазволілі правесьці ніводнай апазыцыйнай акцыі нават у месцы, якое вызначана для падобных мерапрыемстваў. Чаму дазволілі «Славянскі марш»? Свае адказы даюць магілёўскія палітыкі.

Старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Беразіенка не аднойчы выступаў заяўнікам акцый супраць зьбядненьня насельніцтва. Апошні раз — сёлета ўзімку. Як высьветлілася ў дзень правядзеньня пікету, на стадыёне на вуліцы Чалюскінцаў праходзілі спаборніцтвы моладзі. Ягонае стаўленьне да «Славянскага маршу» адмоўнае:

«Я рэзка супраць такіх рэчаў. Я іх не ўхваляю. Навошта, каму гэта патрэбна? Гэты марш не адпавядае інтарэсам беларускага народу. Гэта чарговы незразумелы выкрутас з боку ўлады. То яны дзьмуць у бок Расеі, то глядзяць на Захад. Цяпер ім нешта пад адно месца трапіла і яны вырашылі дазволіць марш. Канчаткова палітыка дзяржавы ня выпрацавана: куды ісьці, за кім і навошта. Вось яны і мітусяцца».

За правядзеньне «Народнага сходу» ў 2011 годзе быў пакараны штрафам кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў:

«Улада робіць тое, што ёй выгадна. Усё астатняе застаецца па-за здаровым сэнсам. Ад каго будуць у Магілёве, у Беларусі бараніць славян? Тут ніхто не прыгнятае славян. Пасылаў нават няма такіх. Я не разумею тых людзей, якія праводзяць «Славянскі марш».
Якраз манархічна-імпэрскае крыло і праявіла сябе ў асобе заяўнікаў „Славянскага маршу“ ў Магілёве


Сябра партыі БНФ Віталь Макаранка да правядзеньня «Славянскага маршу» ў Магілёве таксама ставіцца адмоўна:

«Цяпер у Расеі дужа моцны нацыяналістычны трэнд, прычым усіх адценьняў. Якраз манархічна-імпэрскае крыло і праявіла сябе ў асобе заяўнікаў „Славянскага маршу“ ў Магілёве. Да славянства гэты „Марш“ ня мае ніякага дачыненьня. Гэта самарэалізацыя асобаў з сумнеўнай рэпутацыяй».

Тры гады таму магілёўскія ўлады дазволілі былі правесьці «Славянскі марш», але ён не адбыўся. Яго ўдзельнікі зьбіраліся прайсьці да месца мітынгу з расейскімі манархічнымі сьцягамі. Прадстаўнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму дазволу на гэта ня даў на той падставе, што гэтыя сьцягі афіцыйна не зарэгістраваныя ў Беларусі.

«Славянскі марш» зьбіраюцца правесьці там жа, дзе і той, які не адбыўся, — на вуліцы Чалюскінцаў. Гэтая вуліца знаходзіцца ўбаку ад людных месцаў Магілёва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG