Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі «Брэйвік» меў кантакты з нарвэскім


Сёньня пракуратура Кракава паведаміла, што Агенцтва ўнутранай бясьпекі арыштавала падазраванага ў плянаваньні тэракту супраць найвышэйшых органаў улады ў Польшчы.

«Пагроза была рэальная» – сказаў журналістам пракурор Анджэй Врона з Кракава, прадстаўляючы відэаздымкі, на якіх падазраваны рабіў выпрабавальныя выбухі ў розных месцах краіны. Паводле Вроны, падазраваны выкарыстаў у такіх выпрабаваньнях 250 кіляграмаў выбухоўкі. У дзень замаху, дадаў Врона, меркаваны тэрарыст меў задзейнічаць чатыры тоны выбухоўкі, зьмешчанай у аўтамабілі.

Як мяркуецца, замах быў плянаваны ў час пасяджэньня Сэйму, на якім мелі прысутнічаць прэзыдэнт і сябры ўраду.

Паводле журналісцкіх расьсьледаваньняў, меркаваны тэрарыст зьяўляецца выкладчыкам сельскагаспадарчага ўнівэрсытэту ў Кракаве. Яму 45 гадоў. Gazeta Wyborcza паведамляе, што польскія спэцслужбы атрымалі інфармацыю пра падрыхтоўку замаху ад ягонай жонкі, біёляга, у якой ён пытаўся пра магчымасьць расьсеяньня вялікай колькасьці бактэрыцыдаў, каб выклікаць паніку і масавае атручэньне.

Пракуратура таксама паведаміла, што падазраваны спрабаваў арганізаваць «узброеную групоўку», заданьнем якой было б арганізаваць тэракты пры дапамозе выбуховых матэрыялаў.

Паводле тэлеканалу TVN24, узорам для меркаванага польскага тэрарыста быў Андэрс Брэйвік з Нарвэгіі і тэрарыст Ціматы Маквэй, якія падарваў урадавы будынак у Аклахома Сіці ў ЗША ў 1995 годзе.

Гэта пацьвердзіў прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск, заявіўшы журналістам, што меркаваны тэрарыст меў сувязі з Андэрсам Брэйвікам, які летась забіў 77 чалавек падчас двайнога тэракту ў Нарвэгіі. Туск дадаў, што вывучэньне кантактаў Брэйвіка дапамагло польскім сьледчым выйсьці на меркаванага польскага тэрарыста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG