Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты службоўцаў Саакашвілі — тэст для Грузіі


На гэтым тыдні ў Грузіі былі арыштаваныя каля дзясятка чыноўнікаў высокага рангу Міністэрства ўнутраных справаў. Ім выстаўленыя цяжкія абвінавачаньні — ад злоўжываньня службовым становішчам да катаваньняў. Сваё бачаньне сытуацыі прапануе аналітык нашага радыё Робэрт Колсан.

Новыя кіраўнікі Грузіі называюць гэтую сэрыю арыштаў барацьбой з карупцыяй і злоўжываньнямі. Прадстаўнікі каманды Саакашвілі расцэньваюць гэта як палітычна матываванае паляваньне на вядзьмарак.

Аднак у любым выпадку гэтыя падзеі ставяць пад сумнеў мірны і гладкі характар першай у гісторыі Грузіі перадачы ўлады праз канкурэнтныя выбары.

Выступаючы перад журналістамі ў Тбілісі на мінулым тыдні, міністар юстыцыі Тэа Цулукіані падкрэсьлівала, што арышты ня сьведчаць аб палітычна матываваным перасьледзе Адзінага нацыянальнага руху, кіраванага Саакашвілі:

«Гэта зусім не палітычны перасьлед. Пакуль Міхаіл Саакашвілі — прэзыдэнт краіны, мы павінны суіснаваць зь ім у палітычнай прасторы. Аднак гэта не азначае, што любое злачынства — мінулае, цяперашняе ці будучае — застанецца беспакараным».

Цяперашні ўрад краіны сфармаваны кааліцыяй «Грузінская мара» на чале з Бідзіна Іванішвілі, якая атрымала сэнсацыйную перамогу на парлямэнцкіх выбарах 1 кастрычніка. Аднак Саакашвілі застаецца прэзыдэнтам Грузіі , а ягоная партыя Адзіны нацыянальны рух (АНР) — уплывовай палітычнай сілай.

Рэдактар часопісу «Лібэралі» Шарэна Шавардашвілі кажа, што на выбарах грузінскі народ паказаў, што хоча зьмены карумпаванай сыстэмы ўлады, а не пакараньня асобных выпадкаў карупцыі.

АНР гучна заяўляе, што гучныя справы, у тым ліку і арышт 7 лістапада былога міністра абароны і ўнутраных справаў Бачо Ахалая, зьяўляюцца палітычна матываванай помстай.

Шарэна Шавардашвілі мяркуе, што тым ня менш працэс пераходу застаецца мірным:

«Мы не ўчапіліся адно аднаму ў глоткі, мы не дайшлі да вулічных сутыкненьняў, што здавалася вельмі імаверным падчас выбарчай кампаніі. Я мяркую, што ў нас працягваецца мірны пераход улады».

Аднак яна падкрэсьлівае, што працэс працягваецца. Магчыма, Грузія ўбачыць новыя арышты вышэйшых службовых асобаў, у тым ліку і з самага вузкага кола бліжэйшых паплечнікаў Саакашвілі.

Між тым грузінскія эмігранты, якія жывуць у Берасьці, зьвярнуліся да прэм’ер-міністра Грузіі Бідзіна Іванішвілі з просьбай зьмяніць пасла Грузіі ў Беларусі Давіда Катарыя.

У звароце сябраў арганізацыі «Грузінскія эмігранты», які цытуе «Беларускі партызан», адзначаецца, што «чалавек, які не зьвяртае ніякай увагі на грузінскіх эмігрантаў, Давід Катарыя, зьяўляецца даверанай асобай Міхаіла Саакашвілі і заняты выключна тым, што тэрорам і шантажом вымагае ў грузінскіх бізнэсоўцаў у Беларусі грошы».

Паводле старшыні «Грузінскіх эмігрантаў» Зьвіяда Кушыташвілі, пасол Катарыя зьяўляецца блізкім сябрам палітыка Гіві Таргамадзэ і «актыўна ўдзельнічаў у нашумелых правакацыях Гіві Таргамадзэ супраць Расеі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG