Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка абраў сабе першых намесьнікаў»


Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка сказаў пра новага старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, што гэта «справядлівы і чэсны чалавек». Маўляў, пакуль яго праца «насьцярожанасьці ніколі не выклікала». Хаця тое, што ён вырваны з сыстэмы Сьледчага камітэту і вернуты «ў сваё лона» ёсьць пэўнай рызыкай. Таксама Лукашэнка адзначыў, што Валянцін Шаеў «ужо мае вопыт» і нічога страшнага няма,што ён узначаліць Сьледчы камітэт. Чаго чакаць пасьля чарговых кадравых перастановак.

Новага старшыню Сьледчага камітэту Валянціна Шаева, які раней быў пракурорам Гомельскай вобласьці, журналісты згадваюць у сувязі з тым, што менавіта ён падпісваў ордэры на вобшукі. У журналістак Сьвятланы Калінкінай, Марыны Коктыш, Натальлі Радзінай й Ірыны Халіп. Гэта было зьвязана з публікацыямі па так званай «паляўнічай справе», згодна зь якой шэраг чыноўнікаў падазраваліся ў перавышэньні сваіх паўнамоцтваў. Крымінальную справу аб паклёпе па факту публікацый пачаў былы начальнік управы КДБ па Гомельскай вобласьці Іван Корж.

Маскоўскі журналіст Павал Шарамет так камэнтуе апошнія прызначэньні ў беларускіх сілавых структурах:

Павал Шарамет
Павал Шарамет
«Я думаю, што мы становімся сьведкамі новага чорнага пэрыяду беларускай гісторыі, бо на чале ўсіх беларускіх спэцслужбаў сталі страшныя людзі. У наступным годзе мы будзем сьведкамі новых скандалаў і ўсялякіх страшных спраў. Новыя людзі будуць правакаваць скандальныя, жорсткія расправы і справы супраць апазыцыянэраў».

Прызначэньне Вакульчыка старшынём КДБ, паводле Шарамета, азначае, што каманда Віктара Лукашэнкі прайграе і бацька, Аляксандар Лукашэнка, зноў спрабуе ўсё ўзяць у свае рукі.

«Вакульчык хоць і прыйшоў ва ўладу праз свае сувязі з Віктарам Лукашэнкам, але ўжо даўно перайшоў на бок бацькі. І гуляе ў камандзе прэзыдэнта, а не яго дарадцы. Вакульчык гэта самы дрэнны варыянт старшыні КДБ з усіх магчымых».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што ад прызначаных асобаў будзе мала што залежыць у краіне, бо імі кіруе асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Натуральна, што ў краіне, якая мае імідж паліцэйскай, заўсёды ёсьць пэўная цікавасьць да прызначэньняў кіраўнікоў сілавых структураў. Аднак трэба прыняць да ведама, што не яны вызначаюць зьмест палітыкі. Калі браць КДБ, то дэ-юре Вакульчык зьяўляецца кіраўніком, а дэ-факта — Аляксандар Лукашэнка. Ён кіраўнік найгалоўнейшай сілавой структуры. Так што можна сказаць, што Лукашэнка абраў сабе першых намесьнікаў».

Анатоль Лябедзька адзначае, што КДБ яшчэ пад кіраўніцтвам Вадзіма Зайцава канфіскавала падчас ператрусаў ў яго грошы — больш за 10 тысяч даляраў, дзёньнікі з «амэрыканкі» і асабістыя рэчы, якія дагэтуль не вернутыя.

«То бок у мяне ёсьць усе падставы, каб казаць, што КДБ выступае ў фармаце такога калектыўнага злодзея. Яны абавязаны мне вярнуць тое, што канфіскавана пасьля таго як была зачынена крымінальная справа па падзеях 19 сьнежня. І ёсьць дакумэнты дзе чорным па беламу напісана, што фінансавае ўпраўленьне КДБ абавязана мне вярнуць фінансавыя сродкі. Але дагэтуль гэтага не было. Ну выкарыстаю магчымасьць, накірую паперы і новаму кіраўніку Сьледчага камітэту, і КДБ».

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не чакае зьменаў да лепшага ад новых прызначэньняў.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Якая будзе палітыка адміністрацыі, прэзыдэнта, такая й будзе далей палітыка. Будуць яны ажыцьцяўляць рэпрэсіі, значыць КДБ будзе іх ажыцьцяўляць. У нас у краіне чыноўнікі, іх пэрсаналіі не гуляюць ніякай ролі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG