Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 20 лістапада: выстава “Пасьляваенны Менск” і БАТЭ на “Дынама”


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ТУМАНЫ, МЕСЦАМІ З ДАЖДЖАМІ...

На працягу дня — ад 3 да 7°С цяпла.

ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

У Брусэлі — эканамічны Эўрасаміт. Падчас пазачарговай сустрэчы Эўрагрупы будзе абмяркоўвацца пытаньне аб выдзяленьні Грэцыі новага траншу фінансавай дапамогі.

У філіі Нацыянальнага гістарычнага музэю “Дом-музэй I зьезду РСДРП” (Менск, пр. Незалежнасьці, 31а) — адкрыцьцё выставы “Пасьляваенны Менск у карцінах Анатоля Наліваева”. Пачатак аб 11.00.

Паседжаньне круглага стала “Кніжная культура праваслаўнай царквы ў Беларусі” — у залі адукацыйных тэхналёгіяў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пачатак а 15.00.

Барысаўскі БАТЭ ў пятым туры футбольнай Лігі чэмпіёнаў прымае на менскім стадыёне “Дынама” францускі “Ліль”. Пачатак а 20.00.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:

Сусьветны дзень дзяцей.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1648 — каралём Польшчы і вялікім князем ВКЛ абралі Яна Казіміра (сына караля Жыгімонта III Вазы).

1930 — Янка Купала спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

1982 — у Менску адкрыўся першы музычны фэстываль “Беларуская музычная восень” (з той пары праводзіцца штогод).

1985 — кампанія “Майкрасофт” упершыню прадставіла апэрацыйнае асяродзьдзе пад назваю “Ўіндаўз” — Microsoft Windows 1.0.

У гэты дзень нарадзіліся:

1858 — швэдзкая пісьменьніца Сэльма Лягерлёф. За сваю творчасьць яна была ўзнагароджаная Нобэлеўскай прэміяй, яе творы перакладаліся па-беларуску.

1899 — беларускі пісьменьнік, перакладнік і крытык Міхась Клімковіч, першы старшыня Саюзу пісьменьнікаў БССР (1934 — 1939), аўтар тэксту Дзяржаўнага гімну БССР.

1901 — беларускі празаік, драматург, перакладнік і крытык Міхась Зарэцкі. Рэагаваў часопіс “Маладняк” (1926 — 1927), быў адным з ініцыятараў стварэньня літаратурнага аб’яднаньня “Полымя”. У 1929-м быў выключаны з камуністычнай партыі за “праявы нацыянал-дэмакратызму”. У 1936-м арыштаваны. 29 кастрычніка 1937 году расстраляны.

1902 — беларускі архітэктар Аляксандар Воінаў. Сярод яго менскіх працаў — Палац піянэраў і школьнікаў, гатэль “Сьвіслач”, будынак былога ЦК КПБ (цяпер — адміністрацыя прэзыдэнта).

1948 — беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Трагічна загінула ў 1988 годзе, выкінуўшыся з акна сваёй менскай кватэры.

1954 — беларуская гімнастка Антаніна Кошаль, чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1972 году.

У гэты дзень памерлі:

1910 — расейскі пісьменьнік, публіцыст, мысьляр Леў Талстой.

1925 — польскі пісьменьнік і публіцыст Стэфан Жаромскі, часта званы “сумленьнем польскай літаратуры”.

1950 — расейскі і беларускі публіцыст, крытык, журналіст і літаратар Леў Клейнбарт. Дасьледнік тэндэнцыяў і кірункаў беларускага літаратурнага руху. Першы біёграф Янкі Купалы.

1975 — гішпанскі дыктатар Франсыска Франка. Кіраваў краінаю з 1939 году да сьмерці ў 1975-м.

1998 — расейская палітычная дзяячка Галіна Старавойтава. Была застрэленая ў Санкт-Пецярбурзе пры дасюль не да канца высьветленых абставінах.

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ “СВАБОДЫ”:

Багдановічаву “Пагоню” ў Горках слухалі стоячы

Этап як від катаваньня

Прароцтвы гісторыка з Гарвардзкага ўнівэрсытэту

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што сьвет даўно ня вузкі!
...Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску!

Час — вар'ят, шалёнае таксі.
Толькі ўсё ж ня мысьлю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зарасьлі?
Памаўчы са мной па-беларуску.

Зь вершу Яўгеніі Янішчыц “Гавары са мной па-беларуску”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG