Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 19 лістапада: ізраільскае кіно ў Менску і цырымонія ўручэньня “Эмі” ў Нью-Ёрку


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

КАРОТКІЯ ДАЖДЖЫ...

Уначы ад мінус 3°С да плюс 3°С, на працягу дня 1—7°С цяпла.

ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

У Брусэлі пройдзе паседжаньне Рады Эўразьвязу ў міжнародных справах. У парадку дня — абмеркаваньне ходу і вынікаў нядаўніх парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

У Нацыянальным мастацкім музэі (Менск, вул. Леніна, 20) адбудзецца падпісаньне праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Беларусі і міністрам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы на 2012 — 2014 гг. Пачатак а 15.00.

У Нацыянальным гістарычным музэі (Менск, вул. К. Маркса, 12) — адкрыцьцё выставы, прысьвечанай 150-годзьдзю Беларускай чыгункі. Пачатак а 17.00.

У менскім кінатэатры “Цэнтральны” (пр. Незалежнасьці, 13) пачнецца Фэстываль ізраільскага кіно (будзе доўжыцца да 22 лістапада). У праграму паказу ўвайшлі 6 фільмаў розных жанраў.

У Нацыянальным акадэмічным вялікім тэатры опэры і балету (Менск, пл. Парыскай камуны, 1) пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў II Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Пачатак а 19.00.

У Нью-Ёрку адбудзецца цырымонія ўручэньня тэлевізійнай міжнароднай прэміі “Эмі” (International Emmy Awards).

ЁСЬЦЬ НАГОДА:

Сусьветны дзень туалету.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

У 1557 годзе пакінула гэты сьвет каралева Бона — адна з кіраўніц сярэднявечнай Беларусі. Сама яна была італьянка і шмат зрабіла для разьвіцьця беларускіх земляў і для збліжэньня Беларусі з Заходняй Эўропай. З ініцыятывы каралевы Боны была праведзеная вялікая аграрная рэформа. За часу Боны ў Беларусь прыехала багата яе суродзічаў-італьянцаў: мастакоў, навукоўцаў, дойлідаў, вайскоўцаў і купцоў. Беларусь была залучаная ў сфэру ўплыву італьянскага Рэнэсансу.

У 1784 годзе нарадзіўся Міхал Баброўскі — навуковец-славіст, адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Баброўскі дасьледаваў гісторыю славянскага кнігадрукаваньня, выданьні Фіёля, Фёдарава ды Мсьціслаўца. Зрабіў поўнае апісаньне кірылічных і глагалічных кніг Ватыканскае бібліятэкі. Але самае, бадай, галоўнае — ён наноў адкрыў сьвету імя Францішка Скарыны.

У 1842 году нарадзіўся Адам Банецкі — гісторык і дасьледнік геральдыкі і генэалёгіі на абшарах Рэчы Паспалітай. Ягоны “Гербоўнік” у 13 тамох да сёньня ня мае аналягаў у беларускай навуцы — толькі там многія з нас могуць знайсьці свае старажытныя радаводы.

Таксама ў гэты дзень у розныя гады прыйшлі на сьвет расейскі навуковец, заснавальнік Маскоўскага ўнівэрсытэту Міхаіл Ламаносаў, расейскі рэвалюцыянэр Міхаіл Калінін, помнік якому дагэтуль стаіць насупраць Менскага батанічнага саду, заходнебеларускі паэт Мікола Засім, кіраўніца Індыі Індыра Гандзі, амэрыканскі бізнэсовец Тэд Тэрнэр, які стварыў сусьветна вядомую інфармацыйную службу CNN, і беларускі пісьменьнік і рэдактар, аўтар гістарычнай прозы Эрнэст Ялугін.

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ “СВАБОДЫ”:

“Ня веру, што магчымыя раўнапраўныя эканамічныя саюзы з Расеяй”

Разгул дэмакратыі: пудзіла Януковіча “ўпрыгожвае” Хрышчацік

Келіх гішпанскага з нобэлеўскім ляўрэатам

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Нельга паціснуць адно аднаму рукі зь сьціснутымі кулакамі.

Індыра Гандзі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG