Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінгерыс пра заявы Лукашэнкі: Балбатня невысокага палёту


Belarus - Emanuelis Zingeris, lithuanian deputy
Belarus - Emanuelis Zingeris, lithuanian deputy

У Літве адрэагавалі на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, які назваў літоўскую палітыку «жлобскай». Прадстаўнікі афіцыйнай Вільні зьвязваюць гэтую заяву зь невысокай культурай яе аўтара.

Ні ў літоўскай амбасадзе ў Менску, ні ў Міністэрстве замежных спраў Літвы ня сталі камэнтаваць выказваньні Лукашэнкі. Падчас сустрэчы са студэнтамі 12 лістапада ён заявіў, што ня лічыць тэрактам закідваньне літоўскай амбасады бутэлькамі з запальнай сумесьсю. Пры гэтым ён назваў літоўскую палітыку «жлобскай». Прэм’ер Літвы Андрус Кубілюс назваў гэтую заяву адлюстраваньнем нізкай унутранай культуры, на якое яго ўрад рэагаваць ня будзе.

«А наагул трэба шкадаваць, што нашага суседа не ўпершыню даводзіцца ацэньваць па такога кшталту адлюстраваньнях нізкай унутранай культуры», — заявіў у інтэрвію Літоўскаму радыё Кубілюс.

Кіраўнік літоўскага МЗС Аўдронюс Ажубаліс і старшыня Камітэту замежных спраў Сэйму Літвы Эмануэліс Зінгерыс назвалі інцыдэнт тэрарыстычным выпадам супраць дыппрадстаўніцтва ў Менску. Камэнтуючы карэспандэнту «Свабоды» рэакцыю Лукашэнкі, спадар Зінгерыс сказаў, што літоўскі бок чакае вынікаў хуткага расьсьледаваньня інцыдэнту. І нават не дапускае, што яго правядуць дрэнна. Але гэта не азначае, што палітыкі ня могуць назваць гэты інцыдэнт тэрактам:

«Нават для нас нечаканая рэакцыя на наша права выказаць заклапочанасьць магчымай пагрозай здароўю і жыцьцю нашых людзей, якія жывуць на тэрыторыі амбасады, і нашаму будынку. Гэта проста балбатня. І, на жаль, ня вельмі высокага палёту. І гэта справа Лукашэнкі — выказвацца ўсялякімі словамі. І яго жаргон, які ён выкарыстоўвае, выяўляе, як сказаў спадар прэм’ер-міністар, яго невысокую культуру, яго асяродзьдзе».

Паводле спадара Зінгерыса, падчас інцыдэнту ў будынку амбасады якраз знаходзіўся шэраг супрацоўнікаў, у двары стаялі іх аўтамабілі. І тое, што напад быў учынены напярэдадні 7 лістапада, не выклікае сумневу, што гэта зьвязана з чалавеканенавісьніцкай ідэалёгіяй. Рэакцыя Лукашэнкі зьдзіўляе спадара Зінгерыса:

«Калі чалавек хоча расслабіцца і абраць кірунак для свайго расслабленьня, то гэта яго справа. Але калі чалавек называе сябе прэзыдэнтам, то гэта, вядома, горш. Бо мы не адносілі гэты эпізод да дзеяньняў беларускіх уладаў. Мы проста выказалі спадзяваньне, што беларускія ўлады разгледзяць гэты сур’ёзны эпізод. Гэта ж ня два букеты кветак, гэта дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю. Мы проста выказалі думку са спадаром міністрам, што гэта тэракт. Але мы гэта ня зьвязвалі зь дзеяньнямі беларускіх уладаў».

Спадар Зінгерыс таксама згадаў палітыку самаізаляцыі, якую праводзіць афіцыйны Менск. Ён адзначыў, што літоўскі бок адкрыў межы на 50 кілямэтраў па ўсёй паласе ад Гародні. Таксама прынята багата іншых рашэньняў дзеля адкрытасьці і падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

«Наша палітыка абсалютна ясная, адкрытая для зносін зь беларускім народам. Аб’явілі дапамогу, і вялікія сродкі для дапамогі людзям, якія выехалі зь Беларусі з палітычных матываў, жывуць тут. Літва мае вельмі канструктыўную палітыку. Рашэньні па справах Беларусі, я маю на ўвазе адкрыцьцё мяжы, былі значна больш рашучыя, чым па справах Калінінградзкай вобласьці. І прапановы з нашага боку, якія ляжаць на стале ў спадара Лукашэнкі. Няхай адкажа: куды прапала адкрытая мяжа паміж Літвой і Беларусьсю? Куды прапала прапанаваная з нашага боку палітыка адкрытасьці ў стасунках? Хто гэтую адкрытасьць скідвае на тармазы?»

6 лістапада на тэрыторыю амбасады Літвы ў Менску былі кінутыя дзьве бутэлькі з так званым «кактэйлем Молатава», якія супрацоўнікі літоўскай паліцыі, што дзяжурылі ў будынку, хутка затушылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG