Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўтараецца ў сучаснай Беларусі брэжнеўскі застой?


Ці паўтараецца ў сучаснай Беларусі брэжнеўскі застой?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:55 0:00
Наўпроставы лінк

9 лістапада спаўняецца 30 гадоў з дня сьмерці Леаніда Брэжнева. Як можна ацаніць брэжнеўскі пэрыяд беларускай гісторыі? Чым ён падобны да пэрыяду кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі? Якія існуюць шляхі выйсьця з застою?

Удзельнікі: філёзаф Валянцін Акудовіч і палітоляг Вольга Абрамава.

Як можна ацаніць брэжнеўскі пэрыяд беларускай гісторыі?


Валер Карбалевіч: «30 гадоў таму памёр Брэжнеў, які, дарэчы, кіраваў 18 гадоў — столькі ж, колькі Лукашэнка. Гісторыкі назвалі пэрыяд ягонага кіраваньня „пэрыядам застою“. Але падаецца, што ў масавай сьвядомасьці беларусаў гэты пэрыяд успрымаецца па-іншаму, больш станоўча. Магчыма, не выпадкова Беларусь больш за іншыя рэгіёны СССР супраціўлялася гарбачоўскай перабудове, Алесь Адамовіч назваў яе „антыперастроечнай Вандэяй“. Дык у чым асаблівасьць брэжнеўскага пэрыяду для Беларусі?»

Валянцін Акудовіч: «Брэжнеўская эпоха для Беларусі была машэраўскай эпохай. Брэжнеў і Машэраў амаль адначасова прыйшлі да ўлады і адначасова памерлі.

Для Беларусі эпоха Брэжнева-Машэрава была фантастычна багатай, самай значнай і вялікай для беларускага соцыюму. Гэта пэрыяд бурлівага індустрыяльнага разьвіцьця, мэліярацыі (я не ацэньваю гэта з плюсам ці мінусам). За гэты час Беларусь стала адным з самых магутных індустрыяльных цэнтраў савецкай імпэрыі. Тады быў пабудаваны Курган Славы як сымбаль перамогі і Хатынь як сымбаль ахвярнасьці. А гэта дзьве найбольш моцныя пазыцыі ў любой ідэалёгіі. Пасьля больш маштабных не індустрыяльных, ня культавых аб’ектаў пабудавана не было. Таму для Беларусі называць гэты брэжнеўскі пэрыяд „застоем“ было б няправільна. За гэты час мы сталі сапраўды краінай. Магчыма, упершыню ў сваёй гісторыі».
За гэты час мы сталі сапраўды краінай. Магчыма, упершыню ў сваёй гісторыі


Вольга Абрамава: «Брэжнеўскі пэрыяд успамінаецца ў Беларусі з настальгіяй. Бо яна, як і рэспублікі Балтыі, успрымалася як вітрына СССР. Сюды выдзялялася больш рэсурсаў, людзі тут былі больш заможнымі. Беларусы, закатаваныя бясконцымі войнамі цягам вякоў, цанілі тую стабільнасьць. Тут, у адрозьненьне ад Расеі, не было дысыдэнцтва і росквіту бардаўскай песьні, якія былі рэакцыяй на застой.

Беларускія лідэры Мазураў і Машэраў ужывалі дэмакратычны стыль камунікацыі з грамадзтвам. Тагачасныя кіраўнікі клапаціліся аб сваім іміджы. Іх лад жыцьця радыкальна не адрозьніваўся ад жыцьця перадавікоў вытворчасьці. Тут рэагавалі на скаргі ў партыйныя органы. Таму прыкрашаныя, ідэалізаваныя ўспаміны пра гэты час перадаюцца і новаму пакаленьню. Таму пра гэты пэрыяд існуе ружовы флёр, пэўная рэтразахапляльнасьць».

Чым падобныя два пэрыяды застою?


Карбалевіч: «Шмат экспэртаў, публіцыстаў называюць пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі пэрыядам застою. Ці можна параўнаць гэтыя два пэрыяды? Што ў іх агульнага, а што адрознага? Магчыма, у застойную мадэль у Беларусі быў устаўлены замест Брэжнева вобраз папуліста-харызматыка: тады — Машэрава, цяпер — Лукашэнкі».

Акудовіч: «Я ня бачу ніякіх паралеляў. Застой у нас ёсьць. Ён будзе існаваць да канца праўленьня Лукашэнкі. Але гэта зусім розныя тыпы ўлады, розная роля кіраўнікоў».

Абрамава: «Застой — гэта заканамерная зьява для любога палітычнага рэжыму, які праіснаваў доўга. Цяжка падтрымліваць з высокай ступеньню напругі рух наперад, калі няма зьмены мэты і кіроўнай эліты.

Агульным ёсьць аўтарытарнае кіраваньне, хоць з папраўкай на час. Існуюць бар’еры для вэртыкальнай мабільнасьці, калі чалавек не ўваходзіць у кіроўную каманду. Існуе адчужэньне паміж уладай і грамадзянамі.

Выключна таленавіты палітык Лукашэнка выкарыстоўвае харызматычную легітымацыю. Тут яго з Брэжневым не параўнаць.
Калі б чалавек упаў у летаргічны сон пры Брэжневу і прачнуўся пры Лукашэнку, то ён убачыў бы тут вялікую свабоду


Калі б чалавек упаў у летаргічны сон пры Брэжневу і прачнуўся пры Лукашэнку, то ён убачыў бы тут вялікую свабоду. Ёсьць яшчэ такая розьніца: у Беларусі, у адрозьненьне ад СССР, не існуе паноўнай ідэалёгіі. Нават калі б яна была, то вялікая колькасьць беларусаў яе б не падзяляла.

Яшчэ адно адрозьненьне. У СССР на момант перабудовы ў грамадзтве назапасіўся ў лятэнтным выглядзе калясальны творчы патэнцыял, які выбухнуў на нэгатыве, на адмове старога. У Беларусі гэтага няма. Бо гэты патэнцыял цяпер у значнай ступені ліквідаваны. Найбольш актыўныя людзі імкнуцца пакінуць краіну. І калі прыйдзе час рэформаў — а ён абавязкова прыйдзе, — то ў грамадзтве ня будзе неабходнага куражу, драйву, ня будзе крытычнай масы, якая пацягне на сабе ўвесь цяжар перамен».

Якія існуюць шляхі выйсьця з застою?


Карбалевіч: «Вось спадарыня Абрамава пачала казаць пра пэрспэктывы перамен. Часта бывае, што эпоха сканчаецца са сьмерцю людзей, якія былі яе сымбалямі. Эпоха Брэжнева скончылася пахаваньнямі генэральных сакратароў. Якім чынам можа адбыцца выхад з застою ў Беларусі?»

Акудовіч: «Хіба што на Бога спадзявацца. Мы даходзім да рысы, дзе немадэрнізацыя азначае каляпс».

Карбалевіч: «Чаму абавязкова каляпс? Магчыма, доўгае гніеньне?»

Акудовіч: «Лукашэнка перастаў быць крэатыўным. Цяпер уся ягоная энэргія ідзе на кантроль, утрыманьне ўлады. Ад улады ён не адмовіцца, і мадэрнізаваць краіну ня здольны».

Абрамава: «Варыянты могуць быць нечаканыя, нават форс-мажорныя. Могуць быць цяжкія хваробы, хоць я нікому гэтага не жадаю. Бо 18 напружаных гадоў пры ўладзе здароўя не дадаюць.

Добраахвотная мадэрнізацыя нам не пагражае. Але магчымая мадэрнізацыя пад ціскам вонкавых партнэраў. А калі яшчэ будзе ціск знутры грамадзтва, то гэта падштурхне намэнклятуру дзеля самазахаваньня патрабаваць перамен. Калі гэта ня будзе зьвязана з патрабаваньнем зьмены лідэра, то ўсё магчыма. І вось тут для беларускай апазыцыі адчыняецца вакно магчымасьцяў. Магчымы варыянт устанаўленьня партнэрскіх адносін апазыцыі з кіроўнай элітай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG