Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прытулку патрэбныя Караткевіч, Колас і Купала


Сайт saligorsk.org распачынае збор кніг на беларускай мове для калядных падарункаў у дзіцячыя прытулкі.

Ахвочым узяць удзел трэба «ўпадабаць» акцыю ў сацыяльных сетках альбо зьмясьціць інфармацыю пра акцыю на сваёй старонцы.

«Колькі „лайкаў“ і рэпостаў атрымае акцыя ў сацыяльных сетках, столькі тысяч беларускіх рублёў мы і патрацім на набыцьцё падарункаў маленькім чытачам. Верагодней за ўсе, што мы падорым кнігі дзеткам салігорскага дзіцячага прытулку, дзе жывуць дзеці, бацькі якіх пазбаўленыя бацькоўскіх правоў», — паведаміў Аляксей Валабуеў, супрацоўнік рэдакцыі saligorsk.org.

«Важна, каб будучае пакаленьне беларусаў мела магчымасьць вучыць гісторыю, знаёміцца з творамі сусьветнай і айчыннай літаратуры на роднай мове. На жаль, камплектацыя бібліятэк у дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах сёньня ладзіцца не на карысьць беларускай мовы», — дадаў Валабуеў.

Загадчыца салігорскага прытулку Рэгіна Мацкевіч паведаміла нам, што пра акцыю пакуль ня чула, бо інтэрнэтам амаль не карыстаецца: «Прытулак наш вельмі ўдзячны за падобныя акцыі. Яны сапраўды ўжо ня раз ладзіліся. І добра, што гэта будуць кнігі на беларускай мове. Я лічу, што дзеці павінны чытаць і любіць кнігі на роднай мове. З улікам таго, што ў прытулку знаходзяцца дзеці ўзростам ад 3 да 18 гадоў, пажадана, каб кнігі перадаваліся, па-першае, для рознага ўзросту, а па-другое, каб яны максымальна адпавядалі школьнай праграме — напрыклад, Караткевіч, Колас, Купала. Такіх кніг не хапае».

Акцыя працягнецца да 25 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG