Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу 29 былых мытнікаў зарэгістравалі ў ААН


У Камітэце па правах чалавека ААН зарэгістраваная скарга 29 былых інспэктараў мытні «Заходні Буг» і працаўнікоў мытнага тэрміналу «Вэстаўта», асуджаных у 2005 годзе па абвінавачаньні ў злоўжываньні службовым становішчам.

Беларускі вайсковы суд пакараў у гэтай справе 40 чалавек, якія нібыта «спрыялі ва ўхіленьні ад аплаты мыта».

Крымінальная справа была распачатая пасьля таго, як выявілася, што ў 2001-2002 гадах на мытным тэрмінале «Вэстаўта» ў Берасьці былі аформленыя 82 фуры, якія не заяжджалі на тэрыторыю Польшчы, а апынуліся ў Маскве без аплаты мыта.

Мытнікі лічаць сябе невінаватымі, сьцьвярджаюць, што іх «у цёмную» скарыстала начальства. Таму яны і накіравалі скаргу ў ААН пасьля таго, як Вярхоўны суд не прыняў да ўвагі вынік дадатковага расьсьледаваньня Генпракуратуры.

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк: «У гэтай справе было асуджана 40 чалавек. Ужо пазьней пракуратура праводзіла дадатковую праверку і выявіла, што 10 чалавек з гэтай групы проста выкарысталі астатніх. Аднак Вярхоўны суд не прыняў да ўвагі высновы пракуратуры. У Камітэт па правах чалавека ААН яны скардзяцца на парушэньне права на справядлівае судовае разьбіральніцтва».

Паводле праваабаронцы, мытнікі ўжо адбылі сваё пакараньне, але згодна з прысудам павінны сплаціць дзяржаве вялікія штрафы:

«Дзяржава павесіла на іх яшчэ мільярдны пазоў нібыта за прычыненую шкоду. Ім гэта давядзецца сплачваць да канца сваіх дзён. У гэтай сытуацыі атрымалася, што 30 чалавек былі асуджаныя проста „за кампанію“. Таму гэта судовая памылка, безумоўна.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG