Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітычная эміграцыя імкнецца перацягнуць апазыцыйны цэнтар за мяжу»


Апошнімі днямі найбольш гучныя падзеі ў Беларусі зьвязаныя з палітычнай эміграцыяй. Ці павялічваецца ўплыў беларускага замежжа? Зь якім знакам можна яго ацаніць? Як можна ўплываць на Беларусь з-за мяжы?

Удзельнікі: вядомы грамадзкі дзеяч Аляксандар Дабравольскі зь Менску і палітоляг Павал Вусаў з Варшавы


Ці павялічваецца ўплыў беларускага замежжа?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі
Павел Вусаў
Павел Вусаў
Валер Карбалевіч: «Сапраўды, апошнім часам найбольш рэзанансныя мэдыйныя падзеі зьвязаныя з эміграцыяй. Былы кандыдат у прэзыдэнты Саньнікаў атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі. Дарэчы, практычна большасьць яго каманды, перадвыбарчага штабу ўжо зьехалі за мяжу. Гучныя заявы зрабіў Пазьняк, і яны выклікалі неадназначную рэакцыю ў Беларусі. І вось у Вільні адбылася нарада кіраўніцтва Рады БНР зь лідэрамі беларускай апазыцыі. Ці можам мы сказаць, што ўплыў палітычнай эміграцыі на грамадзка-палітычныя працэсы ў Беларусі павялічваецца?»

Аляксандар Дабравольскі: «Беларуская праблема можа вырашыцца толькі ўнутры Беларусі. Уплыў эміграцыі, дыяспары заўсёды важны. У некаторых краінах (Польшча, Украіна, Армэнія) дыяспара вялікая і ўплывовая. У параўнаньні зь імі ўплыў беларускай эміграцыі на Беларусь слабы».

Павел Вусаў: «Згодзен, што беларускае пытаньне будзе вырашацца толькі ўнутры Беларусі. Але пасьля 2010 году эміграцыя зь Беларусі павялічылася. Яна розная. Шмат эканамічных эмігрантаў. Таксама павялічылася палітычная эміграцыя. І гэтыя дзьве часткі не зьвязаныя між сабой. Сама палітычная эміграцыя не кансалідаваная ні з геаграфічнага, ні з ідэалягічнага гледзішча. Яна не аб’яднаная супольнай ідэяй, стратэгіяй, канцэпцыяй. І таму ня можа моцна ўплываць на рашэньні адносна Беларусі ў Брусэлі ці Вашынгтоне. І заходнім палітыкам цяжка зразумець, каго слухаць. Але такога аб’яднаньня, на маю думку, бліжэйшым часам не адбудзецца. А Лукашэнка зацікаўлены, каб апазыцыя была разьяднаная і ўнутры краіны, і за мяжой».


Зь якім знакам можна ацаніць гэты ўплыў?


Карбалевіч: «Апошнім часам некаторыя заявы беларускіх палітыкаў за мяжой выклікаюць спрэчную рэакцыю ўнутры Беларусі. Маю на ўвазе і заявы Пазьняка, і выказваньне Барадача, які заявіў, што ўсе лідэры апазыцыі — агенты КДБ. У зьвязку з гэтым ці не існуе пагрозы, што ўплыў эміграцыі на ўнутрыбеларускія працэсы можа быць нэгатыўным? Ці не ствараецца сытуацыя канкурэнцыі паміж апазыцыяй унутры Беларусі і апазыцыяй за мяжой?»

Дабравольскі: «Такая праблема ёсьць, але яна не істотная. Чалавек, які трапіў за мяжу нават з палітычным прычын, найперш вымушаны вырашаць праблему ўласнага выжываньня. І ягоная энэргетыка на палітычнай глебе згасае. Гэта праблема для Беларусі, што самыя актыўныя, дзеяздольныя людзі зьяжджаюць. У большасьці выпадкаў яны страчаныя для Беларусі.
Тых, хто крытыкуе, трэба слухаць, але рабіць сваю справу

Што тычыцца гэтых заяваў. Зразумела, чалавек, які зьехаў, мае права крытыкаваць тых, хто застаўся. Але ж, як мы пагадзіліся, галоўны чыньнік пераменаў у Беларусі — унутраны. Тых, хто крытыкуе, трэба слухаць, але рабіць сваю справу».

Вусаў: «Тыя канфлікты, якія адбываюцца ўнутры беларускай апазыцыі, перанесеныя за мяжу. За 18 гадоў апазыцыю не змагла аб’яднаць нейкая ідэалёгія ці праграма. Думаю, што гэты канфлікт, раскол будзе паглыбляцца. Яго ўвесь час распальвае беларускі рэжым. І дыяспара, замест таго каб дапамагаць апазыцыі ўнутры Беларусі, сваімі дзеяньнямі і заявамі за мяжой аслабляе беларускую апазыцыю. І ў гэтым адрозьненьне беларускай палітычнай дыяспары ад падобных утварэньняў іншых краін. Беларуская палітычная эміграцыя імкнецца перацягнуць апазыцыйны цэнтар за мяжу. Гэта дрэнна адаб’ецца на палітычных працэсах унутры Беларусі».


Нарада ў Вільні


Карбалевіч: «У Вільні адбылася нарада кіраўніцтва Рады БНР зь лідэрамі беларускай апазыцыі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Сп. Дабравольскі, вы ў ёй удзельнічалі. Ці можна лічыць яе першым крокам да кансалідацыі ўнутранай і замежнай апазыцыі?»

Дабравольскі: «Гэта першая такая нарада. Кіраўніцтва БНР праявіла мудрасьць. Яны падкрэсьлівалі сваю пазапартыйную пазыцыю. Іх хвалюе пагроза незалежнасьці Беларусі. Гэта тая каштоўнасьць, якая хвалюе ўсіх. І Рада БНР вынесла на абмеркаваньне пытаньне, якое не разьдзяляе, а аб’ядноўвае. У выніку іх прапанова была прынятая ўсімі. Прыняты адпаведны мэмарандум у абарону незалежнасьці.

Гэта той прыклад, які паказвае, што можна працаваць разам. Ніхто ня кажа — „я лепш ведаю“, „я больш заслужаны“. Розныя арганізацыі аб’ядноўваюцца вакол праблемы, якую трэба разам вырашыць.

Неразумна пераносіць канфлікты, якія існуюць унутры краіны, за мяжу. Яшчэ больш неразумна пераносіць палітычныя канфлікты з-за мяжы ў Беларусь. А працы дзеля Беларусі хопіць усім».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG