Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: «Палітычным эмігрантам прасьцей вылучаць радыкальныя лёзунгі»


Ад’езд за мяжу актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Аляксандра Атрошчанкава зноў актывізаваў праблему эміграцыі беларускіх апазыцыйных актывістаў.

Як уплывае эміграцыя на іхнюю палітычную дзейнасьць і пэрспэктывы?

Ці можна сказаць, што цяпер у беларускай апазыцыі ўтвараюцца два цэнтры (адзін за межамі, другі — унутры краіны), і ці ня будуць яны спаборнічаць паміж сабой?

На гэтыя пытаньні адказвае кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў многія беларускія палітыкі вымушаныя былі апынуцца за мяжой. Напрыклад, на сёньня фактычна ўсё кіраўніцтва «Эўрапейскай Беларусі» знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі. Ці можна казаць, улічваючы папярэдні досьвед — ці застаюцца яны ў актыўным палітычным жыцьці ці эміграцыя накладае пэўны нэгатыўны адбітак на іхняй палітычнай дзейнасьці?

Класкоўскі: У кожнага гэта індывідуальна і залежыць аб абставінаў і характару чалавека. Вось, напрыклад, чытаючы апошнія інтэрвію Саньнікава, я адзначаю, што ён адказвае даволі стрымана наконт пэрспэктываў сваёй далейшай палітычнай дзейнасьці. У мяне такое ўражаньне, што ён чалавек вельмі спакутаваны і цяпер найперш заклапочаны лёсам сваёй сям’і.

Але ў некаторых іншых проста зайздросны запас палітычнага імпэту, але не заўсёды гэта падмацоўваецца нейкай прадуманай праграмай, апірышчам на рэсурсы ды і проста мінімумам павагі. Вось сьвежы скандал вакол выказваньняў Зянона Пазьняка ёсьць добрай ілюстрацыяй. Ці можна ўзгадаць гісторыю з «замежным урадам» Барадача, які заклікаў да кансалідацыі, і тутака ж наляпіў многім ярлыкі агентаў КДБ,

І тут ідзе такая калізія — разрыў паміж амбіцыямі і магчымасьцямі, і гэта выліваецца ў канфлікты, калі некаторыя пачынаюць узвышаць сябе за кошт радыкальных выказваньняў і за кошт таптаньня тых, хто застаўся ў краіне
Аляксандар Класкоўскі

Увогуле, праблема ў тым, што людзі, выціснутыя за мяжу, хочуць заставацца ў палітыцы, але нават у самой Беларусі палітыка сёньня збольшага часам віртуальная. Тым болей у замежжы. І тут ідзе такая калізія — разрыў паміж амбіцыямі і магчымасьцямі, і гэта выліваецца ў канфлікты, калі некаторыя пачынаюць узвышаць сябе за кошт радыкальных выказваньняў і за кошт таптаньня тых, хто застаўся ў краіне.

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што цяпер існуе варыянт утварэньня двух цэнтраў беларускай апазыцыі — ў Беларусі і за мяжой? Ці будуць яны спаборнічаць паміж сабой, альбо ёсьць шанец, што яны здолеюць дамовіцца ісьці ў адным накірунку?

Класкоўскі: Такая небясьпека ўтварэньня двух цэнтраў існуе. Бо тыя, хто за мяжой, яны псыхалягічна лёгка разьнявольваюцца, ім прасьцей вылучаць самыя радыкальныя лёзунгі. Мы бачым, што менавіта сярод эмігрантаў найбольш папулярныя ідэі байкоту, эканамічнай вайны Захаду супраць рэжыму. І пачынаецца такі падзел, калі больш памяркоўная частка апазыцыі адразу кляймуецца як «калябаранты», «агенты» . Гэта істотная небясьпека, і тут у мяне няма такога аптымізму, каб казаць, што заўтра паміж імі будзе ўсё цудоўна.

У любым выпадку, трэба разумець, што перамены прыйдуць у краіну ўнутры. Гэта будзе залежыць і ад эканамічнага стану, і ад таго, як будзе тут працаваць апазыцыя з людзьмі. Таму кідаць камянямі ў тых, хто працуе тут, у краіне, няхай сябе і з памылкамі, было б недальнабачна і няправільна.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG