Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Сэрбія падтрымала санкцыі супраць афіцыйнага Менску?


Абрэвіятура Прагрэсіўнай партыі на пірагу
Абрэвіятура Прагрэсіўнай партыі на пірагу
Сярод 8 краін, якія далучыліся да рашэньня Эўразьвязу працягнуць санкцыі адносна афіцыйнага Менску, была Сэрбія. Гэтая краіна і раней падтрымлівала эўрапейскія санкцыі адносна Беларусі, усе службоўцы зь Беларусі, неўязныя ў ЭЗ, рабіліся неўязнымі і ў Сэрбію.

Апошняе рашэньне Бялграду тым больш цікавае, што сёлета ў Сэрбіі зьмянілася ўлада. Прэзыдэнтам стаў Таміслаў Нікаліч – былы чалец ультранацыяналістычнай Радыкальнай партыі, партнэра партыі Слабадана Мілошавіча ва ўрадавай кааліцыі. А ўрад узначаліў былы прэсавы сакратар Мілошавіча Івіца Дачыч.

Варта таксама прыгадаць вельмі цёплыя і шчыльныя стасункі афіцыйнага Менску зь Югаславіяй Мілошавіча, Аляксандар Лукашэнка лятаў у Бялград падчас ваеннай кампаніі НАТА ў Югаславіі.

Чаму ж былыя паплечнікі Мілошавіча, якія зараз увасабляюць сабой сэрбскую ўладу, ухвалілі санкцыі супраць беларускага сябра Мілошавіча? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да Міхайла Рамача, карэспандэнта ўкраінскай службы нашага радыё ў Бялградзе.

Рамач: Івіца Дачыч кажа – Мілошавіча ўжо няма, мы вядзем эўрапейскую палітыку. Тое ж самае кажуць прадстаўнікі Прагрэсіўнай партыі прэзыдэнта Нікаліча, якія раней былі чальцамі Радыкальнай партыі. Ёй кіраваў Ваіслаў Шэшаль, якога зараз судзяць у Міжнародным трыбунале ў Гаазе. Прагрэсіўная партыя таксама называе сябе эўрапейскай. Яны раней галасавалі за санкцыі супраць Ірану, зараз – за санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Справа ня новая, гэтыя партыі зьмянілі сваю палітыку.

РС: Але яны маглі быць за Эўропу, аднак супраць санкцыяў. У свой час людзі з атачэньня Мілошавіча, магчыма, тыя ж Нікаліч і Дачыч, былі ўдзячныя Лукашэнку за тое, што ён падтрымліваў Югаславію, калі НАТА яе бамбавала. Яны не ўспрымаюць цяперашняе сваё галасаваньне як здраду?

Рамач: Яны проста кажуць – зьмяніўся час і мы зьмянілі сваю палітыку. Сэрбія жыве ў іншых умовах. Звычайныя людзі ня надта думаюць пра міжнародныя справы. А што да палітыкаў, то палітыка мяняецца ў залежнасьці ад умоваў. Тыя ж Дачыч ці Нікаліч 5 ці 10 гадоў таму казалі зусім іншае. Зараз яны ў іншай пазыцыі і гавораць іншае. Яны не адчуваюць сябе здраднікамі. Яны прагматыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG