Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлеб падаражэў так, што многія сталі пячы яго самі


У савецкі час хлеб быў самым даступным прадуктам харчаваньня — звычайная чорная «цаглінка» каштавала 14 капеек, подавы бохан — 18 капеек. На сярэдні заробак 150 рублёў чалавек мог набыць 1 тысячу боханаў. Зараз самы танны хлеб каштуе 6 тысяч рублёў. На сярэдні заробак 4 мільёны можна набыць 660 боханаў. Ці танны ў Беларусі хлеб, які лічыцца сацыяльна значным таварам і цэны на які рэгулююцца Міністэрствам эканомікі?

Больш за ўсё гатункаў хлеба — у сталічнай краме «Каравай», што на плошчы Перамогі.

Карэспандэнтка: «Вы прыйшлі ў краму па хлеб. Заўважаеце, як зьмяняюцца кошты?»

«Вядома! Толькі ўверх растуць, на жаль».

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, кошты на хлеб у нас прымальныя?»

«Ну, у параўнаньні зь мясам яны невысокія. Але калі параўноўваць з заробкамі і пэнсіямі — то высокія кошты».

«У нас цэны на хлеб і на малочныя прадукты растуць непамерна. Прычым апраўдваюць рост цэнаў тым, каб не вывозілі. Але калі так выроўніваць, то трэба і заробкі выроўніваць, і пэнсіі».

«На хлеб пакрысе, быццам бы незаўважна — але кошты растуць».

А вось загадчыца аддзелу хлебнай крамы «Каравай», якая не назвала імя, абвяргала пакупнікоў і вельмі неахвотна адказвала на пытаньні:

«Ці часта мяняюцца цэны на хлеб?»

«Не».

Карэспандэнтка: «Ну вось я гляджу: самы дарагі каштуе больш за 27 тысяч. Больш-менш смачныя гатункі, кшталту „Нарачанскага“, „Балтыйскага“, каштуюць больш за 10 тысяч…»

«Цэны не мяняліся вельмі даўно».

Карэспандэнтка: «А самы танны хлеб колькі каштуе?»

«На вітрыне цэньнікі, паглядзіце самі…»

Самыя танныя боханы вагой па 800 грамаў, на якія цэны рэгулююцца дзяржавай, — «Чэрвеньскі новы», каштуе 5150 рублёў, і «Майскі новы» — 5600. Самы дарагі хлеб «Радзівілаўскі» каштуе 27 850 рублёў. «Любімы Нарачанскі» — 12450, «Балтыйскія традыцыі» — 10450. Прычым ня так даўно ў продажы былі проста «Нарачанскі» і «Балтыйскі». Зараз назвы крыху зьмяніліся, цэны таксама. «Балтыйскі» каштаваў каля 7 тысяч, а вельмі падобны да яго хлеб «Балтыйскія традыцыі» — ужо больш за 10 тысяч. Загадчыца аддзелу крамы «Каравай» тлумачыць:

«Семачак крыху дадалі, і ўсё».

Некалькі месяцаў таму сталічныя пэнсіянэры стаялі ў чэргах на Камароўцы па танны хлеб з рэгіёнаў. Але зараз і ў правінцыі цэны на хлеб амаль зраўняліся са сталічнымі. Да прыкладу, настаўнік зь вёскі Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёну Георгій Станкевіч апавёў:

«Бохан самага таннага чорнага каштуе прыкладна 4,5 тысячы рублёў, і 5 тысяч каштуе белы батон. Гэта без цэляфанавай абгорткі. У абгортцы гэта будзе каштаваць на 700 рублёў даражэй».

Выкладчык Горацкай сельгасакадэміі Андрэй Юркоў распавёў пра цэны на хлеб у Горках:

«Такі, што народ купляе, — 6–6,5 тысяч, да 7 тысяч. Гэта звычайныя цаглінкі, куды нічога асаблівага не дадаюць і зь невядома якой якасьці мукі. Вядома, на яго цана, мабыць, завышаная».

Андрэй Юркоў кажа, што тэхналёгія выпечкі, інгрэдыенты сапраўды могуць быць дарагімі, і тады элітныя гатункі хлеба будуць, адпаведна, таксама нятанныя. Але…
Там, дзе няма канкурэнцыі, казаць пра якасьць і адпаведны кошт не выпадае

«Пытаньне ў іншым: наколькі гэты хлеб адпавядае якасьці? Таму што калі параўнаць той жа самы „Радзівілаўскі“ за 27 тысяч і хлеб на Ўкраіне альбо ў Расеі, які пякуць з высакаякаснай пшанічнай мукі, — гэта ж неба і зямля. Я вось у нас батоны белыя наагул ня ем: для мяне гэта кіслоцьце. А на Ўкраіне ў сястры нічога, акрамя белага хлеба, ня ем. Проста ў нас зараз забарона на імпарт добрага збожжа, і наагул манаполія дзяржаўная ў гэтай сфэры пануе. Таму пра якасьць тут казаць не выпадае. А там, дзе няма канкурэнцыі, казаць пра якасьць і адпаведны кошт не выпадае».

Тым часам у Беларусі адным з самых папулярных кухонных электрапрыбораў становяцца хлебапечкі, сярэдні кошт якіх — 700 тысяч. Пэнсіянэрка спадарыня Марыя распавяла:

«Заўтра нам прывязуць хлебапечку, мы ўжо замовілі па інтэрнэце. Адна з прычынаў — думаю, што хлеб будзе таньнейшы».

Карэспандэнтка: «А смачнейшы свой хлеб будзе?»

«Вядома. Наша суседка частавала сваім хлебам, мне вельмі спадабалася. Я ўчора ўжо купіла муку грачаную, думаю, і такі хлеб буду выпякаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG