1 лістапада беларускія Дзяды ў Вільні пачнуцца ў 11:00 ўшанаваньнем памяці паўстанцаў 1863 году ля крыжа-манумэнта на Лукішках, а потым пройдзе талака на старажытных могілках Росы. Традыцыйна на такія талокі зьбіраюцца прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў, студэнты ЭГУ, віленскія беларусы.
1 лістапада беларуская грамада Бэльгіі зьбярэцца ў Антвэрпэне на Вялікую Паніхіду ў капліцы пры царкве Сьвятога Сэрца ў 11.30. Пасьля набажэнства памінальная імпрэза працягнецца ў Лювэне, на магіле кампазытара Міколы Равенскага, аўтара гімну «Магутны Божа».
Беларусы Чэхіі 2 лістапада а 12 гадзіне ўшануюць памяць прэзыдэнтаў БНР Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі, а таксама сьпевака Міхася Забэйды-Суміцкага, якія пахаваныя на Альшанскіх могілках у Празе. Увечары, у 18:00, у царкве Кузьмы і Дзям’яна будзе адслужаная боская літургія «Ўспамін усіх памерлых».
Арганізацыя «Беларуская Нацыянальная Памяць» заклікае беларусаў Варшавы адзначыць Дзяды 3 лістапада:
«Шмат вядомых беларускіх дзеячаў пахаваныя ў Варшаве, сярод якіх Янка Жамойцін, Мітрафан Будзька, Ян Булгак, Антон Пяткевіч, Язэп Булак-Балаховіч і іншыя. Абавязак сёньняшніх варшаўскіх беларусаў ушаноўваць памяць аб гэтых людзях, якія пакінулі значны адбітак у гісторыі нашай радзімы,» — сказаў «Свабодзе» кіраўнік БНП Анатоль Міхнавец. Дзяды ў Варшаве распачнуцца а 12-й гадзіне 3 лістапада з сустрэчы на пляцоўцы каля мэтро Centrum.
4 лістапада Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыія БНФ праводзіць шэсьце і мітынг у Менску на месцы расстрэлаў у Лошыцы. Збор удзельнікаў абвяшчаецца а 12:00 каля Палаца культуры Камвольнага камбінату.
Фота і відэарэпартажы з гэтых імпрэзаў будуць на сайце Свабоды.
***
Мы чакаем таксама ад чытачоў і слухачоў Свабоды ўнікальных фота- і відэаматэрыялаў, тэкставых паведамленьняў пра тое, як у Беларусі і замежжы праходзяць Дзяды.
Да 4 лістапада дасылайце вашыя фатаздымкі і відэасюжэты зь Дзядоў-2012:
на электронную пошту radiosvaboda@gmail.com,
разьмяшчайце ў вашым твітэры з пазнакаю @svaboda,
дасылайце ў нашыя суполкі ў сацыяльных сетках: http://vk.com/radiosvaboda, http://www.facebook.com/svaboda.org
Аўтары найбольш яскравых і цікавых фотаздымкаў, відэаролікаў ці тэкставых паведамленьняў атрымаюць ад Радыё Свабода лічбавыя відэакамэры Sony MHS-FS2 і Samsung HMX-U10.