Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія выбары і расейская мадэль


Абвешчаныя ў панядзелак вынікі ўкраінскіх парлямэнцкіх выбараў дэманструюць імкненьне кіроўнай Партыі рэгіёнаў і прэзыдэнта Віктара Януковіча ісьці па тым жа шляху аўтарытарнага кіраваньня, што і суседнія Расея і Беларусь — піша The Washington Post.

Па выніках галасаваньня, рэзка скрытыкаванага міжнароднымі назіральнікамі і названага апазыцыяй абуральным махлярствам, Партыя Рэгіёнаў умацавала свае пазыцыі ва ўладзе. Падатковыя расьсьледаваньні, адмова даваць тэлеэфір і запалохваньне апанэнтаў былі характэрнымі прыметамі гэтай выбарчай кампаніі да самых выбараў, якія прайшлі ў нядзелю.

Урад, які шчодра даваў Партыі Рэгіёнаў дзяржаўныя рэсурсы, дзейнічаў у «атмасфэры беспакаранасьці», заявіла ў панядзелак Вальбурга Габсбург-Дуглас (Walburga Habsburg Douglas), якая ўзначальвае групу назіральнікаў ад АБСЭ.

Трывожней за ўсё, па яе словах, быў той факт, што гэтыя выбары сталі «крокам назад» ад дасягненьняў дэмакратычнага прагрэсу, які ішоў на Украіне раней.

Сябры-алігархі Януковіча зараз, мяркуючы па ўсім, не столькі баяцца яго, колькі імкнуцца ад яго дыстанцыявацца

Тым ня менш, у некаторых важных аспэктах становішча Януковіча нельга лічыць падобным да становішча расейскага прэзыдэнта Ўлаадзімера Пуціна і беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Украіна — глыбока расколатая краіна. Лініі расколу праходзяць паміж Усходам і Захадам, паміж расейскамоўнымі і украінамоўнымі, паміж тымі, хто ненавідзіць «аранжавую» рэвалюцыю, і тымі, хто толькі шкадуе пра расчараваньні, якія яна прынесла.

Пры гэтым нават тыя, хто галасаваў за Януковіча — расейскамоўныя грамадзяне з усходу краіны, — зараз усё часьцей абураюцца характэрнымі для яго рэжыму карупцыяй і кумаўством.

У адрозьненьні ад Пуціна, які таксама нядаўна сутыкнуўся з адкрытымі праціўнікамі, у Януковіча няма нафтагазавых даходаў, якія ён мог бы шчодра марнаваць. Ён павысіў заробкі, аднак цяпер, калі выбары скончыліся, цяжка зразумець, як ён будзе іх выплачваць.

Сябры-алігархі Януковіча зараз, мяркуючы па ўсім, не столькі баяцца яго, колькі імкнуцца ад яго дыстанцыявацца. Данецкі бізнэсмэн Рынат Ахмэтаў, адзін з самых багатых магнатаў ва Украіне, палічыў за лепшае на гэты раз не абірацца ў парлямэнт. На думку данецкага блогера Яўгена Страціеўскага, зараз Ахмэтава больш цікавіць паляпшэньне ўласнага іміджу, а Януковіч і Партыя Рэгіёнаў для гэтага не занадта падыходзяць.

Акрамя таго, у Януковіча ёсьць падставы турбавацца адносна Эўропы. Украіна ўжо 20 гадоў спрабуе зьвязаць сваю будучыню з Эўрапейскім Зьвязам — прычым пры Януковічы ня менш, чым пры яго папярэдніках, — і разрыў з эўрапейцамі моцна пашкодзіў бы ўкраінскай эканоміцы, а таксама зрабіў бы ўкраінскія прадпрыемствы уразьлівымі для расейскіх майстроў зьліцьцяў і паглынаньняў.

у некаторых важных аспэктах становішча Януковіча нельга лічыць падобным да становішча расейскага прэзыдэнта Ўлаадзімера Пуціна і беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі

У панядзелак прадстаўнікі Заходняй Эўропы ў адкрытую раскрытыкавалі то, як праводзіліся выбары. Заходнеэўрапейцы таксама гучней за іншых выступаюць супраць асуджэньня суперніцы Януковіча — былога віцэ-прэм’ера Юліі Цімашэнкі, а таксама яе саюзьніка Юрыя Луцэнкі. Назіральная місія АБСЭ выказалася нечакана просталінейна: яе чальцы выказалі «глыбокае шкадаваньне» ў сувязі з недахопам сумленнасьці і празрыстасьці на выбарах.

Да некаторай ступені прастора для манэўру, якую будзе мець Януковіч, будзе вызначацца вынікамі маючых адбыцца на наступным тыдні выбараў у ЗША. Рэспубліканцы, уключаючы кандыдата ў прэзыдэнты Міта Ромні, выказваюць большую варожасьць да Расеі, чым адміністрацыя Абамы, і ўкраінскія аналітыкі чакаюць, што адміністрацыя Ромні з большай верагоднасьцю будзе дараваць Януковічу некаторыя моманты, пакуль ён дэкляруе незалежнасьць ад Масквы.

Зь іншага боку, дэмакраты трымаюць і Януковіча, і ўкраінскую апазыцыю на адлегласьці выцягнутай рукі, баючыся стаць закладнікамі ўкраінскай палітыкі, што можа мець непрадбачаныя наступствы для адносінаў паміж ЗША і Расіяй.

Кангрэсмен-рэспубліканец ад Каліфорніі Дэвід Дрэер, які ўзначальваў на ўкраінскіх выбарах групу назіральнікаў ад Міжнароднага рэспубліканскага інстытута, заявіў, што «існуюць падставы сумнявацца ў сумленнасьці выбараў».

Паводле яго слоў, у гэтым галасаваньні не было нічога, што магло б падштурхнуць Захад зьмяніць халоднае стаўленьне да цяперашняга рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG